Былы пасол у Аргенціне Астапенка далучыўся да Народнага антыкрызіснага кіравання



Былы пасол Беларусі ў Аргенціне Уладзімір Астапенка далучыўся да Народнага антыкрызіснага кіравання (НАК). Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал НАК.

„Мы рады паведаміць, што да нас далучаецца ўсё больш і больш вядомых і дасведчаных спецыялістаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Уладзімір Астапенка за сваю кар’еру быў намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, начальнікам упраўлення міжнародных эканамічных адносін МЗС, генеральным консулам у Нідэрландах. Зараз ён скончыў працу ў якасці пасла Рэспублікі Беларусь у Аргенціне і ў дадзены момант далучыўся да працы над сферай знешняй палітыкі і гандлю ў складзе Народнага антыкрызіснага кіравання”.

У відэазвароце Астапенкі, які апублікаваў тэлеграм-канал, ён адзначае, што „на працягу свайго працоўнага жыцця быў не вельмі публічнай персонай”. „Сёння я маю гонар звярнуцца да ўсіх беларусаў, каб выказаць бязмерную ўдзячнасць за праяўленую салідарнасць і падтрымку ў сувязі з маімі заявамі аб звальненні, — адзначыў дыпламат. — Хачу публічна паведаміць, што пасля звальнення з дыпламатычнай службы я з задавальненнем прыняў запрашэнне Паўла Латушкі далучыцца да працы Народнага антыкрызіснага кіравання. Асобна хачу звярнуцца да дзяржаўных чыноўнікаў. Я не клічу вас пераняць мой прыклад. Напэўна, вы ведаеце пра мае няўдалыя спробы звольніцца па згодзе бакоў. Але я заклікаю ўсіх вас праявіць прыстойнасць, якая, як вядома, не прадугледжвае гераізму, але ставіць на мэце няўдзел у подласці. Жыве Беларусь!”

Пра стварэнне Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былы чыноўнік і дыпламат Павел Латушка аб’явіў 28 кастрычніка.

Паводле яго слоў, улада ў чарговы раз праігнаравала патрабаванні народа вызваліць палітвязняў, спыніць гвалт, пакараць вінаватых, прызначыць новыя выбары. Зараз, адзначыў ён, на вуліцах „зноў стральба і выбухі, параненыя мірныя дэманстранты, сотні затрыманых”.

„Гэта адказ на прапанову дыялогу за межамі СІЗА, — сказаў Латушка. — У той жа час ва ўладзе няма адказу на самыя важныя пытанні: як выйсці са стану дэфолту — прававога, эканамічнага і знешнепалітычнага. Нам патрэбныя дзеянні, выразныя і зразумелыя, як выйсці з крызісу. Ва ўлады няма адказаў, яны — інтэлектуальныя банкруты. Але мы — ініцыятыўныя і крэатыўныя, мы справімся без іх. Мы аб’яўляем пра стварэнне Народнага антыкрызіснага кіравання”.

Латушка адзначыў, што КР створаная для правядзення „выніковых перамоваў па пераходзе ўлады”. НАК, сцвярджае ён, „забяспечыць іх пачатак, а ў далейшым будзе органам, які забяспечыць стабільнасць у краіне з моманту сыходу экс-прэзідэнта са сваёй пасады аж да даты выбараў і прыходу да ўлады новага ўрада”.

Латушка заклікаў „кампетэнтных, крэатыўных і адказных” людзей, якія „поўныя ідэй і гатовыя працаваць”, далучацца да каманды НАК, даслаўшы заяўку на сайт гэтай ініцыятывы.

На сайце Народнага антыкрызіснага кіравання пазначана, што яго стварэнне 26 кастрычніка было ўхваленае Каардынацыйнай радай, сфармаванай па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

belapan.by