Былы пасол Украіны хаваецца ад правасуддзя ў Беларусі
Былы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку, хаваецца ў Беларусі. Пра гэта ён сам паведаміў выданню “Украінскія Навіны”.
Былы ўкраінскі пасол у Беларусі Міхаіл Ежаль падазраецца Генеральнай пракуратурай Украіны ў шматлікіх фінансавых махінацыях, службовых злоўжываннях, а таксама ў развале ўкраінскай арміі. Па версіі следства, Міхаіл Ежаль сістэмна здзяйсняў карупцыйныя злачынствы, калі быў міністрам абароны Украіны.
Сам Міхаіл Ежаль вось ужо амаль год знаходзіцца ў Беларусі, дзе жыве на арэндаванай кватэры і атрымлівае ўкраінскую вайсковую пенсію ў 11 700 грыўняў, што складае каля 440 даляраў. Раней Ежаль на законных падставах лекаваўся ў беларускім вайсковым шпіталі. Праўда, невядома, якім чынам украінскі грамадзянін, супраць якога на радзіме распачата каля 50 крымінальных справаў, рабіў гэта за кошт беларускіх плацельшчыкаў падаткаў.
Міхаіл Ежаль катэгарычна адмаўляецца вяртацца ва Украіну, бо лічыць усе абвінавачванні супраць сябе прыдуманымі, а ўкраінскі суд — несправядлівым.
Імаверна, у бліжэйшы час украінская Генпракуратура дашле ў Беларусь афіцыйны запыт пра экстрадыцыю Міхаіла Ежаля.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя