Былы дарадца Пуціна: Варта чакаць рэалізацыі новых імперскіх сцэнарыяў
Адстаўка ўрада Расеі і планаваныя змены ў Канстытуцыю РФ нясуць небяспеку для краін-суседзяў.
Такое меркаванне выказаў саветнік расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна па эканоміцы (2000—2005) Андрэй Іларыёнаў у відэаінтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону.
„Украіна і іншыя краіны, якія аказаліся суседзямі „татальнай дзяржавы”, цяпер апынуцца ў значна большай небяспецы, чым яны былі нават раней. Зразумела, што ні спадар Мядзведзеў (прэм’ер-міністр, які пайшоў у адстаўку. — БелаПАН.), ні іншыя сіслібы (сістэмныя лібералы. — БелаПАН.) ніколі не аказвалі і нават не спрабавалі аказваць які-небудзь супраціў агрэсіўным імперскім планам крамлёўскіх сілавікоў. Але цяпер няма нават каго б там ні было, хто па сваёй прыродзе адрозны ад іх у кіраўніцтве дзяржавы”, — заявіў Іларыёнаў .”Таму, — працягнуў ён, — можна чакаць толькі новых этапаў правакацый і рэалізацыі новых імперскіх сцэнарыяў перш за ўсё, вядома, у дачыненні да Украіны і да Беларусі, але і ў дачыненні да іншых дзяржаў”.
Адным са стваральнікаў „татальнай дзяржавы” Іларыёнаў назваў цяперашняга прэм’ер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна, які на сваёй ранейшай пасадзе кіраўніка Федэральнай падатковай службы арганізаваў сістэму татальнага сачэння за транзакцыямі як у безнаяўным, так і ў наяўным абароце.
21 снежня 2018 года былы саветнік Пуціна напісаў у „Жывым журнале”, што Крэмль пачаў паглынанне Беларусі.
Фота: Heiki Rebane/Delfi.lt