Былы старшыня Гомельскага райвыканкама затрыманы ў Расеі



На мінулым тыдні стала вядома пра «знікненне» старшыні Гомельскага райвыканкама Аляксандра Сітніцы. Ніхто з прадстаўнікоў праваахоўных органаў не каментаваў гэтую інфармацыю. Толькі прэс-служба Гомельскага аблвыканкама паведаміла аб звальненні Сітніцы «за прагулы».

Як стала вядома TUT.BY, сляды былога чыноўніка знайшліся ў Расеі. Па словах крыніц, Сітніца спачатку пайшоў на бальнічны, а потым перастаў выходзіць на працу. У гэты ж час да яго ўзніклі пытанні ў сілавікоў.

Неўзабаве чыноўнік быў абвешчаны ў вышук. У канцы мінулага тыдня яго затрымалі ў Расеі, паведамілі tut.by дзве крыніцы. Пацвердзіць гэтую інфармацыю ў праваахоўных органах Беларусі не ўдалося.

У МУС параілі сачыць за паведамленнямі на афіцыйным сайце ведамства.

На мінулым тыдні сын Сітніцы сказаў, што сям’я заўсёды жыла «на свае грошы». Што да магчымых прэтэнзій сілавікоў, то лічыць, што «яны нічога не знойдуць». «Думаю, нават калі будзе суд, яго апраўдаюць», – сказаў ён.

Аляксандр Сітніца узначальваў Гомельскі райвыканкам з 2009 года. Tut.by