Былыя ўдзельнікі праймерыз падалі дакументы ў ЦВК



Удзельнікі кампаніі „За Беларусь без дыктатуры”, у якую трансфармавалася адмененая працэдура па абранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі, 15 траўня падалі ў Цэнтрвыбаркам дакументы на рэгістрацыю трох ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

Дакументы падалі лідар руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова і выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Па словах Юрася Губарэвіча, галоўная мэта іх удзелу ў перадвыбарчай кампаніі – дабіцца пераносу выбараў, правядзенне якіх ва ўмовах пандэміі каронавірусу недапушчальнае. Збор подпісаў ва ўмовах эпідэміі – гэта фактычна злачынства, – лічыць Губарэвіч:

– Гэта тычыцца перадусім каманды Аляксандра Лукашэнкі, які мае інструменты прымусу для сваіх 11-ці тысяч зборшчыкаў. Гэта таксама і папярэджанне ў нейкай ступені і для незалежных кандыдатаў, бо зборшчык подпісаў, які 5-ць дзён паходзіць па кватэрах, адчыніць сотню дзвярэй. Ён становіцца пераносчыкам заразы, хадзячай біялагічнай зброяй, ужо з наступнага тыдня пачынае заражаць дзясяткі і сотні людзей па ўсёй Беларусі. Для нас гэта недапушчальна, менавіта таму мы не ставім акцэнт на збор подпісаў падчас гэтай кампаніі.

Таму прынята прынцыповае рашэнне фармаваць ініцыятыўныя групы з мінімальнай колькасцю людзей. Закон патрабуе 100 чалавек і ў кожнай з трох ініцыятыўных груп будзе па 100 чалавек, плюс дзясятка два каардынатараў, каб правесці інфармацыйныя пікеты з выкарыстаннем усіх сродкаў бяспекі і захаваннем неабходнай дыстанцыі паміж нашымі актывістамі і тымі выбаршчыкамі, якія зацікавяцца нашымі прапановамі, – кажа Юрась Губарэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя