BYPOL будзе рэарганізаваны
Пра гэта паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет па выніках сустрэчы Святланы Ціханоўскай з удзельнікамі BYPOL. Яна праводзілася з мэтай медыяцыі канфлікту, які ўзнік у арганізацыі.
Аб’яднанне сілавікоў Беларусі разам з Мацвеем Купрэйчыкам, Уладзімірам Жыгарам і іншымі аддзяляецца ад фонду BYPOL. У бліжэйшы час аб’яднанне вызначыцца з назвай, формай юрыдычнай асобы і напрамкам працы.
Станіслаў Лупаносаў і Аляксандр Азараў прадоўжаць адказваць за „План Перамога”. У паведамленні АПК падкрэсліваецца, што план знаходзіцца ў бяспецы. Учора кабінет заявіў, што па выніках праверкі ўцечкі інфармацыі з плана і арганізацыі не выяўлена.
Медыяканалы BYPOL будуць падзелены. Аб’яднанне сілавікоў Беларусі пакіне за сабой Telegram, Instagram, Youtube. BYPOL пад кіраўніцтвам Азарава будзе кіраваць Facebook, TikTok і сайтам.
Усе ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся на праходжанне паліграфа ў незалежнага эксперта ў найбліжэйшыя два месяцы.
Таксама будзе праведзены фінансавы аўдыт BYPOL, які зацвердзяць абодва бакі. Арганізацыя выплаціць запазычанасць па заробках.