ByPol: Лукашэнка выкарыстоўвае Інтэрпол у сваіх палітычных мэтах
Лукашэнка выкарыстоўвае Інтэрпол у сваіх палітычных мэтах. З такой заявай выступіла ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў ByPol. Арганізацыя прадставіла расследаванне дзейнасці Нацыянальнага бюро Інтэрполу ў Беларусі. Сцвярджаецца, што падраздзяленне ў Беларусі ўводзіць міжнародную арганізацыю ў зман. ByPol прыводзіць некалькі праслуханых тэлефонных размоваў прадстаўнікоў Інтэрполу ў Беларусі і некалькі фактаў запытаў у міжнародны вышук, замаскаваных пад крымінальныя злачынствы.
У ініцыятыве сцвярджаюць, што шэраг запытаў міжнароднае бюро Інтэрполу адхіліла з прычыны відавочнага палітычнага падтэксту справаў. Так было, у прыватнасці, у выпадку вышуку палітычных дзяячак Святланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай. За падобныя запыты беларускаму прадстаўніцтву Інтэрполу вынеслі папярэджанне і ў выніку паўтарэння сітуацыі сяброўства Беларусі ў арганізацыі могуць прыпыніць. Аднак завуаляваны пад крымінальныя артыкулы палітычны пераслед можа даваць сілавікам пэўны плён — яны накіроўваюць у Інтэрпол запыты, каб высветліць актуальныя звесткі пра месцазнаходжаньне чалавека, ягоныя фотаздымкі і іншую наяўную інфармацыю, адзначае ByPol.
Беларускае Радыё Рацыя
Reuters