CCBE заклікае Мінюст вярнуць ліцэнзіі абаронцам палітвязняў
Савет адвакатаў і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE), які прадстаўляе калегіі адвакатаў і юрыдычных таварыстваў 45 краін, звярнуўся ў Міністэрства юстыцыі Беларусі з нагоды пазбаўлення адвакацкіх ліцэнзій Людмілы Казак, Міхаіла Кірылюка, Канстанціна Міхеля і Максіма Конана.
Прэзідэнт савета Маргарыта фон Гален, якая падпісала ліст, лічыць, што, нягледзячы на фармальныя прычыны, рашэнне аб адкліканні ліцэнзій звязана з дзейнасцю адвакатаў па палітычна рэзанансных справах, і заклікае Мінюст перагледзець гэтыя рашэнні.
Таксама ў лісце-звароце кіраўнік CCBE адзначае, што, як і раней, „сур`ёзна заклапочаная трывожным становішчам адвакатаў у Беларусі, дзе маюць месца ўціск, пазбаўленне ліцэнзій і адвольныя арышты адвакатаў”.
ССВЕ таксама заклікае Мінюст прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння таго, каб усе юрысты Беларусі маглі выконваць свае прафесійныя абавязкі, не баючыся рэпрэсій.
Са жніўня мінулага года Мінюст пазбавіў ліцэнзій адвакатаў члена прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, два іншыя яе адвакаты, Максім Знак і Ілля Салей, знаходзяцца пад следствам па крымінальных справах. Пазбаўленыя ліцэнзій яшчэ чатыры адвакаты, якія публічна крытыкавалі ўлады за парушэнні правоў чалавека: Юлія Леванчук, Максім Конан, Канстанцін Міхель і Міхаіл Кірылюк. На чарзе Уладзімір Сазанчук — абаронца палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова, журналісткі тэлеканала „Белсат” Кацярыны Андрэевай.
У сакавіку Мінюст правёў пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі, на якім разглядалася пытанне аб пазачарговай атэстацыі сямі адвакатаў. Тады паспяхова яе прайшоў толькі адзін адвакат, трое прайшлі ўмоўна, яшчэ трое адвакатаў не прайшлі пераатэстацыю зусім.
24 сакавіка на камісію выкліканы вядомы адвакат Сяргей Зікрацкі, які ўдзельнічаў у шэрагу гучных судовых працэсаў, у тым ліку аб пазбаўленні партала tut.by статусу сеткавага выдання, а таксама па справе Кацярыны Андрэевай.