Чаго Беларусь чакае ад Рыжскага саміта?
Палітолаг Андрэй Фёдараў мяркуе, што ў Рызе афіцыйны Менск не будзе прадстаўлены на самым вышэйшым узроўні, каб „не раздражняць Маскву”.
Як вядома, Латвія не супраць запрасіць Аляксандра Лукашэнку на саміт «Усходняга партнёрства», які пройдзе 21–22 траўня ў Рызе. Ці будзе Беларусь прадстаўлена на самым высокім узроўні?
Андрэй Фёдараў: Вельмі шмат умоў неабходна выканаць беларускім уладам да траўня, каб рэалізаваўся варыянт візіта Лукашэнкі ў Рыгу. Перш-наперш афіцыйны Менск павінен вызваліць палітзняволеных, якія да гэтага часу знаходзяцца за кратамі. Але гэтага можа і не адбыцца. А значыцца наўрад ці кіраўнік Беларусі будзе і чаканым госцем на саміце. І нават, калі будзе атрымана персанальнае запрашэнне для беларускага лідара, то няма ўпэўненасці, што ім скарыстаюцца. Застаецца шмат пытанняў у сітуацыі з Расеяй, бо палітыка Масквы зараз абсалютна непрадказальная. Беларускія ўлады могуць не рызыкнуць выклікаць раздражненне Крамля самім фактам свайго ўдзелу ў Рыжскім саміце. Таму тут вельмі шмат фактараў “супраць” і вельмі шмат перашкод.
РР: На ваш погляд, якія ў беларускіх уладаў чаканні ад гэтага саміта?
Андрэй Фёдараў: Думаю, асабліва ніякіх, таму што Беларусь настолькі моцна завязана на Расею, настолькі скавана ў сваіх дзеяннях рознымі саюзамі, што не мае вялікіх магчымасцей для манеўравання. Беларускі бок у дачыненнях з Еўропай у першую чаргу цікавіць эканамічны блок пытанняў, але зусім невядома, што можа даць Еўразвяз у гэтым плане. Асабліва ў свеце таго, што сёння адбываецца ў Грэцыі. Сумніўна, што на праграму “Усходняе партнёрства” дадуць нейкія вялікія грошы. Суадносна, будзе згасаць інтарэс да праграмы і з боку беларускіх уладаў. Нейкія праекты могуць абмеркаваць, але нечага радыкальнага чакаць, напэўна, не даводзіцца.
РР: У бліжэйшы час плануецца сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Якія пытанні могуць закрануць лідары Расеі і Беларусі?
Андрэй Фёдараў: Беларускі бок, хутчэй за ўсё, будзе прасіць фінансавую дапамогу, а Пуцін стане настойваць на падтрымцы ў украінскім пытанні. Магчыма, прагучыць і тэма набыцця расейскім бізнесам найбольш прывабных элементаў беларускай эканомікі, і дапамога будзе аказана ў абмен на рэалізацыю гэтых патрабаванняў. Мяркую, што гэтыя пытанні будуць галоўнымі падчас сустрэчы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя