Чаго чакаць ад выбараў-2015?



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі робіць свой прагноз на прэзідэнцкія выбары-2015 і распавядае, які лідар сёння неабходны беларускай апазіцыі.

Нагадаем, кампанія “Народны рэферэндум” мае намер вылучыць на прэзідэнцкія выбары сумеснага кандыдата. Пра гэта паведаміў на сойме Партыі БНФ у Менску яе старшыня Аляксей Янукевіч.

У кампанію ўваходзяць Партыя БНФ, кампанія “Гавары праўду”, рух “За Свабоду” і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Лявон Баршчэўcкі: Зараз, як ніколі, настаў момант, калі ўладзе трэба прад’явіць абсалютна выразны ўльтыматум: альбо выбары, дзе будуць прадстаўнікі ўсіх бакоў ва ўсіх камісіях, альбо гуляйце ў свае гульні самі. Пры любым іншым варыянце развіцця падзеяў апазіцыя прайграе з усіх бакоў. Людзям дэмакратычная грамадскаць нешта паабяцае, а затым кіне сам насам са сваімі праблемамі. Таму я выступаю за тое, каб было актыўнае адмаўленне ад удзелу ў кампаніі, пакуль улада не зробіць нармальныя празрыстыя правілы гульні. Пачынаць трэба са зменаў у Выбарчым законе.

РР: Чаму апазіцыя да гэтага часу не змагла прыйсці да нейкай моцнай адзінай кандыдатуры?

Лявон Баршчэўскі: Бо, напэўна, разлічваюць, што кампанія дасць ім нейкі працяг палітычнага існавання. Але, як мне падаецца, калі скіраваць увагу на тое, што выбары павінны быць выбарамі, то гэта будзе больш эфектыўна. І выйграе тая партыя, якая гэта здзейсніць.

РР: Адным словам, вынік выбараў вядомы ўжо сёння? І з гэтым усе змірыліся?

Лявон Баршчэўскі: Абсалютна, і я пра гэта не раз казаў. Калі не будзе зменаў у выбарчым заканадаўстве, то чарговы раз убачым гульню ў адну браму, дзе футбалістам адной каманды звязалі ногі, вочы і рукі. Зразумела, хто пераможа ў такой сітуацыі.

РР: Можа беларускай апазіцыі неабходны новыя імёны, новыя лідары?

Лявон Баршчэўскі: Патрэбен чалавек з вопытам дзяржаўнага кіравання, які, як кажуць, умее дамаўляцца “і з Усходам, і з Захадам”, але будзе заставацца па сваіх перакананнях дэмакратам. Гэта можа быць і не новы чалавек, але старой апазіцыі трэба працаваць менавіта на гэта. Спачатку – на змену кодэкса, а затым – на такога аўтарытэтнага і сур’ёзнага чалавека. А проста паўдзельнічаць, каб недзе “засвяціцца” – тут вялікага розуму не трэба.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя