Чаго чакаюць беларускія ўлады ад Рыжскага саміту?
Палітолаг Валерый КАРБАЛЕВІЧ мяркуе, што беларуска-еўрапейскія стасункі пасля саміту ў Рызе могуць яшчэ больш палепшыцца.
Канчатковае рашэнне аб узроўні свайго ўдзелу ў саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе ў траўні ў Рызе, будзе прынятае самастойна краінамі-ўдзельніцамі, у тым ліку і Рэспублікай Беларусь. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН заявіў пасол Латвіі ў Беларусі Міхаілс Папкоўс.
Ён нагадаў, што раней дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдзеговічс заяўляў: Латвія жадала б удзелу Беларусі ў саміце „на самым высокім магчымым узроўні”. „Зыходзячы з практыкі правядзення самітаў Усходняга партнёрства, запрашэнні на ўдзел дасылаюцца краінам-удзельніцам, а не пэўным службовым асобам. Не думаю, што пры арганізацыі Рыжскага саміту гэта традыцыя будзе парушаная”, — адзначыў Папкоўс.
Валерый Карбалевіч: Пэўны прарыў у беларуска-еўрапейскіх стасунках ужо ёсць. Мы бачым больш высокі ўзровень кантактаў, іх большую інтэнсіўнасць. І гэта сведчыць пра тое, што ідзе працэс размарожвання адносінаў. Альбо, як сказала кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску Майра Мора, “працэс нармалізацыі”. Прагрэс відавочны.
РР: Чаго чакаць ад Рыжскага саміту?
Валерый Карбалевіч: Магчыма, будзе парафіравана пагадненне аб візавым рэжыме. А ўвогуле, мяркую, Рыжскі саміт будзе пэўным этапам тэндэнцыі на паляпшэнне адносінаў. Яна пачалася раней – яшчэ ў той момант, калі міністрам замежных спраў Беларусі быў прызначаны Уладзімір Макей. Украінскі крызіс гэтую тэндэнцыю паскорыў, а Рыжскі саміт стане пэўным этапам на гэтым шляху. Прамежкавы пункт у наладжванні стасункаў.
РР: Ваша меркаванне: ці прыме ўдзел у форуме Аляксандр Лукашэнка?
Валерый Карбалевіч: Не выключаю, калі да гэтага часу ўлады вызваляць палітзняволеных. У гэтым выпадку верагоднасць з’яўлення Лукашэнкі на саміце досыць вялікая. У адваротным выпадку, мяркую, беларускі кіраўнік у Рыгу не паедзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя