Чальцы НАТА прынялі калектыўную заяву па сітуацыі ў Беларусі
Дзяржавы Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА) выступілі з „дакладным і адзіным сігналам” адносна інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair у Менску, заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг 1 чэрвеня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў дыстанцыйнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін — удзельніц арганізацыі. Трансляцыя вялася на сайце альянсу.
„Мы толькі што завяршылі сустрэчу міністраў замежных спраў краін НАТА, падрыхтаваўшы глебу для сустрэчы высокага ўзроўню НАТА 14 чэрвеня, — сказаў ён. — Міністры разгледзелі шэраг пытанняў, уключаючы Афганістан, Беларусь, Расею і Кітай. <…> Мы рашуча асудзілі сур’ёзныя парушэнні Беларуссю нормаў міжнароднай грамадзянскай авіяцыі і асноватворнага права на свабоду слова. Я вітаю санкцыі, прынятыя краінамі НАТА і Еўрапейскім звязам. Гэта сведчыць пра важнасць адзінства краін і арганізацый-аднадумцаў”.
Столтэнберга папрасілі пацвердзіць, ці сапраўды Турцыя змякчыла рэакцыю НАТА на інцыдэнт з самалётам, і калі так, то ці не мяркуе ён, што гэта падрывае салідарнасць унутры НАТА.
„Паўночнаатлантычная рада на мінулым тыдні (26 траўня. — БелаПАН.) узгадніла заяву, рашуча асудзіўшы прымусовую пасадку пасажырскага рэйса, які накіроўваўся са сталіцы адной дзяржавы НАТА — Афінаў у сталіцу іншай дзяржавы НАТА — Вільню, — нагадаў ён. — Мы выразна заявілі пра тое, што цяпер неабходна правесці незалежнае расследаванне. Краіны НАТА таксама выразна заявілі, што журналіст і яго спадарожніца, арыштаваныя пасля прымусовай пасадкі, павінны быць вызваленыя”.
„Я неаднаразова заяўляў, што мы заклікаем да вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. Таму ў нас абсалютна дакладная і катэгарычная заява ўсіх краін НАТА, якая была прынятая на мінулым тыдні. І я вітаю тое, што члены НАТА ўжываюць меры і санкцыі, узгодненыя Еўразвязам. Гэта дакладны і адзіны сігнал па гэтым пытанні”, — падкрэсліў генеральны сакратар.
Пра тое, што Турцыя паўплывала на змест заявы Паўночнаатлантычнай рады — асноўнага органа прыняцця палітычных рашэнняў НАТА — у дачыненні да Беларусі, выключыўшы з яго згадку пра падтрымку санкцый, заявіў у нядаўнім інтэрв’ю выданню „Коммерсантъ” кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.
„Згодна з нашай інфармацыяй, сапраўды Турцыя выступіла супраць прыняцця такога кшталту заявы, — сказаў чыноўнік. — Калі гэта так, дык мы ўдзячныя Турцыі за такую пазіцыю, падыходы. Мы заўсёды былі сумленныя з усімі партнёрамі, мы ў свой час таксама падтрымалі Турцыю, калі там была здзейсненая спроба дзяржаўнага перавароту, і ў нас існуюць абсалютна цесныя, сяброўскія адносіны з гэтай краінай”.
„Але мяне здзіўляе іншы аспект. Чаму НАТА, ваенны блок, спрабуе зрабіць заяву па Беларусі, у прыватнасці патрабуючы вызвалення нейкага абсалютна нязначнага для іх дзеяча, затрыманага тут, у аэрапорце, блогера? Калі ваенны блок умешваецца ў такога кшталту палітычныя рэчы, што далей трэба чакаць? Што танкі ўжо павінны ўваходзіць у Беларусь? Фактычна спрабуюць гэтай заявай падвесці сітуацыю пад нейкія дзеянні, якія пагражаюць міру. А далей НАТА павінна будзе адпаведным чынам рэагаваць на такога кшталту дзеянні, якія пагражаюць міру. Падаплёка зразумелая”, — заявіў Макей.
23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.
Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расіі.
Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўрасаюза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.
На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 траўня было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.