Чаму Алег Гайдукевіч пакінуў прэзідэнцкі “карабель”?



Выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў не выключае, што падчас прэзідэнцкай кампаніі ўлады рыхтуюцца да жорсткага сілавога сцэнара.

Мікалай Казлоў: Тое, што Алег Гайдукевіч зняў сваю кандыдатуру яшчэ на этапе збору подпісаў, для многіх не стала ні нечаканасцю, ні сенсацыяй.

Кіраўнік ЛДПБ заявіў, што не хоча быць прастытуткай, але, як мне падаецца, ён застаецца ў сваёй ролі, незалежна ад таго, здымае сваю кандыдатуру альбо не. Роля яго не змянілася.

РР: Некаторыя кажуць, што Алег Гайдукевіч нешта ведае, чаго не ведаюць іншыя.

Мікалай Казлоў: Я таксама не выключаю такі варыянт. У 2010 годзе Гайдукевіч-старэйшы, які балатаваўся ў прэзідэнты, таксама зняў сваю кандыдатуру.

І ўсе ведаюць, чым закончыліся тыя выбары – быў жорсткі разгон Плошчы, сотні затрыманых, крымінальныя справы.

У нашым выпадку прагледжваецца такая ж аналогія, хаця, натуральна, што гэта толькі здагадкі. Не выключана, што Гайдукевіч разумее альбо ведае: у гэтую кампанію ўлады зробяць стаўку на рэпрэсіі.

Улада разумее, што зараз у яе няма вялікай падтрымкі ў народзе, таму, напэўна, паспрабуюць застрашыць людзей, каб сітуацыя не выйшла з-пад кантролю. Ужо зараз рэпрэсіі ўзмацніліся, бо людзей адпраўляюць на суткі нават за тое, што хтосьці выказаўся на камеру Сяргея Ціханоўскага. Любы вулічны пратэст будзе, відаць, жорстка падаўляцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя