Чаму Аляксандр Лукашэнка запрасіў украінскіх журналістаў?
Палітык Анатоль Лябедзька пракаментаваў сустрэчу беларускага кіраўніка з прадстаўнікамі буйных украінскіх СМІ.
Калі прэс-канферэнцыі Лукашэнкі для расейскіх журналістаў, гэта звычайная практыка апошніх гадоў, то запрашэнне ўкраінскіх прадстаўнікоў СМІ, можна сказаць, ноу-хау. Пры гэтым самі журналісты распавялі, што гэта была ініцыятыва беларускага боку.
Анатоль Лябедзька: Чаму беларускі кіраўнік раптам захацеў сустрэцца з украінскімі журналістамі? На мой погляд, тут некалькі складнікаў. Па-першае, Лукашэнку вельмі падабаецца быць у цэнтры ўвагі і ў інфармацыйнай стужцы. Таму з’яўляецца добрая нагода кагосьці запрасіць да сябе. Гэта тое мора, па якім карабель пад назвай “Аляксандр Лукашэнка” любіць плаваць. Быць у цэнтры ўвагі журналістаў – гэта для яго камфортны рэжым.
А тут яшчэ дадаецца і місія, якую беларускі кіраўнік на сябе ўскладае – быць міратворцам. І яму вельмі важна, каб яго так пазіцыянавалі не столькі ўнутры краіны, колькі за яе межамі. Бо чалавеку ў Смаргоні ці Жабінцы, як кажуць”, па барабане гэтая місія. Там людзі жывуць сваім жыццём і сваімі праблемамі. А вось у міжнародным плане гэта важна і дае беларускай уладзе рэальныя бонусы на гэтым этапе.
РР: Пазіцыя Беларусі ў расейска-украінскім канфлікце выглядае нейтральнай…
Анатоль Лябедзька: Лукашэнка спрабуе знайсці пляцоўкі і сюжэты, якія ў грамадскім успрыманні дазваляюць яму быць над сутычкай паміж Украінай і Расеяй. Для яго гэта важна псіхалагічна.
І чым больш будзе нейкіх пагроз для беларускай самастойнасці з боку Расеі (а пра гэта ўслых не будуць казаць), Лукашэнка ў сваёй знешняй палітыцы будзе знаходзіць пляцоўкі для камунікацыі і з украінскай палітычнай элітай, і з прадстаўнікамі СМІ. Гэта ў яго ўяўленні – такі маленькі элемент бяспекі для беларускай улады.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя