Чаму амерыканцы не здымаюць з Беларусі санкцыі?
Палітолаг Валер Карбалевіч разважае з нагоды таго, што ў будучым можа адбыцца ў амерыканска-беларускіх стасунках.
Як вядома, ЗША працягнулі да 26 красавіка 2021 года рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. У той жа час цалкам санкцыі пакуль не адмяняюцца, хаця ў апошні час беларуска-амерыканскія стасункі значна палепшыліся.
Валер Карбалевіч: Тое, што працягнулі рэжым прыпынення санкцый, гэта, безумоўна, з боку Белага дома крок насустрач да беларускіх уладаў. Калі раней мараторый працягваўся на год, то цяпер на паўтара года. То бок, гэта такі пазітыўны крок, дэманстрацыя таго, што ЗША гатова ісці па шляху паляпшэння стасункаў.
РР: А чаму амерыканцы наогул не могуць адмяніць санкцыі?
Валер Карбалевіч: Гэтыя санкцыі ўведзены законам – Актам аб дэмакратыі ў Беларусі. Закон прыняты Кангрэсам ЗША. І хаця адміністрацыя ў пэўным сэнсе мае свабоду руху ў гэтым плане, але яна павінна аглядвацца на закон і проста так не можа адмяніць санкцыі, якія былі ўведзены за парушэнні ў Беларусі ў галіне правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 году.
Санкцыі адменяць, калі будзе відавочна бачна, што сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыі ў Беларусі паляпшаецца. Пакуль такіх прыкмет няма, таму чакаць, што Кангрэс адменіць закон, не выпадае.
Тым больш, што зараз у ЗША вялікія канфлікты паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі. А для таго, каб адмяніць закон, павінен быць кансенсус паміж гэтымі палітычнымі партыямі.
Таму ў пэўным сэнсе сітуацыя тупіковая і не можа быць выпраўлена да таго часу, пакуль у Беларусі не будзе нейкі прарыў у плане дэмакратыі. Добрым паказчыкам было б правядзенне ў краіне сапраўды празрыстых выбараў з сапраўды празрыстым падлікам галасоў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя