Чаму Беларусь гасцінна прымае сепаратыстаў?
Заран Шкірак, дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны, назваў “ганьбай” той факт, што 1 верасня на кансультацыі ў Менск прыехалі і „тэрарысты” – прадстаўнікі так званых самаабвешчаных рэспублік “ДНР” і “ЛНР”. Палітолаг Валер Карбалевіч адзначае, што ваенным шляхам канфлікт наўрад ці вырашыцца.
“Што да прадстаўнікоў тэрарыстычных банд, якія здзяйсняюць злачынствы на тэрыторыі Украіны, чые рукі ў крыві тысяч бязвінных ахвяр, то ядумаю, што нават сама іх прысутнасць – гэта ганьба, у тым ліку і для Менска, які робіць спробы неяк гэтую сітуацыю „разруліць”, – паведаміў Шкірак у інтэрв’ю euroradio.by. – Гэта няправільна. Украіна ніколі не сядзе за стол перамоваў з міжнароднымі тэрарыстамі, міжнароднымі злачынцамі і забойцамі. Гэта павінная разумець міжнародная супольнасць, і па-іншаму проста не будзе”.
Валер Карбалевіч: Трэба сказаць, што гэта было не першае пасяджэнне, у якім удзельнічаюць сепаратысты. І калі для афіцыйнага прадстаўніка прэзідэнта Украіны такі фармат прымальны, то пры чым тут Менск? Беларусь у канкрэтным выпадку выступае ўсяго толькі пляцоўкай для перамоваў. Наша ж краіна ў іх не ўдзельнічае. Калі на Менскім саміце Лукашэнка быў удзельнікам перамоваў, то ў гэтай кантанктнай групе Беларусь не прымае ўдзел як пасярэднік. Міратворцам тут з’яўляецца АБСЕ, таму да Менска прэтэнзіі абсалютна беспадстаўныя. Вось калі б Кучма заявіў, што ён не сядзе за адзін стол з сепаратыстамі, дык яны б і не прыехалі.
РР: Перамова з сепаратыстамі – гэта адзіны выхад для Кіева у сёняшняй сітуацыі?
Валер Карбалевіч: Складанае пытанне, і, як мне падаецца, адказу на яго не ведае ніхто, таму што апошнія падзеі паказваюць: ваенным шляхам Украіна пытанне наўрад ці вырашыць. Мы бачым, што як толькі ўкраінскія войскі ў рамках антытэрарыстычнай аперацыі пачынаюць браць у акружэнне сепаратыстаў, адразу ж уводзіцца пэўная колькасць расейскіх войскаў, якія наступ адбіваюць і нават ідуць у контрнаступ. Пры гэтым ідзе не паўнавартаснае ўмяшальніцтва. Войскаў уводзіцца роўна столькі, каб не даць украінскаму войску перамагчы. І, мяркуючы па ўсім, такой тактыкі Крэмль будзе прытрымлівацца і надалей. Кіеву паказваюць, што ваенным шляхам перамогі не будзе. Калі б гаворка ішла толькі пра сепаратыстаў, то з гэтым бунтам Украіна справілася б. Але ваяваць на роўных з Расеяй Украіна не ў стане. Таму я не бачу ваеннага вырашэння пытання. А калі такога няма, то трэба нейкім чынам дамаўляцца. Праўда, калі будзе прыняты той варыянт, да якога падштурхоўвае Масква, гэта стане пэўнай паразай для Кіева і стварае на ўсходзе Украіны сітуацыю кшталту Прыднястроўя. Праз гэтыя тэрыторыі Крэмль у будучым будзе ўплываць на ўкраінскую палітыку. Кіеў на гэта не пойдзе, таму сітуацыя зайшла ў тупік.
РР: Беларускі бок у гэтай сітуацыі працягне захоўваць нейтралітэт?
Валер Карбалевіч: У пэўным сэнсе – так. Думаю, тут нічога не зменіцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя