Чаму Беларусь зацікавілася “Усходнім партнёрствам”?



Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавядае пра тое, чаго чакаюць ад “Усходняга партнёрства” беларускія ўлады.

Крыніцы ў Еўразвязе паведамляюць, што ЕЗ гатовы вітаць беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку на саміце «Усходняга партнёрства», які адбудзецца 24 лістапада ў Бруселі. Пра гэта паведаміў брусельскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзвяк.

На апошнім такім саміце, які праходзіў у Рызе ў 2015 годзе, Менск прадстаўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Юрась Губарэвіч: У “Усходнім партнёрстве” для Беларусі ёсць роўная такая ж ніша, як і для астатніх краін, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце. Іншая справа, што ўвесь час беларускім уладам быў цікавы толькі эканамічны бок справы, а менавіта атрыманне фінансавай дапамогі праз “Усходняе партнёрства”. Але сёння сітуацыя крыху іншая. Відавочна, што ў апошнія два гады змяняецца і знешняя палітыка. Беларускі кіраўнік разумее, што сяброўства з Расеяй не стоадсоткавая гарантыя бяспекі. А значыцца трэба праводзіць шматвектарную знешюю палітыку. Менавіта таму Беларусі цікава не толькі эканамічнае, але і палітычнае супрацоўніцтва з Захадам. І не толькі з Захадам, але і з краінамі рэгіёна.

РР: На ваш погляд, ці прыме беларускі кіраўнік запрашэнне?

Юрась Губарэвіч: А чаму б і не? Што гэтаму можа перашкаджаць? Мінулым разам на саміт “Усходняга партнёрства” ездзіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, але відавочна, што зараз ніякіх перашкод для візіту Лукашэнкі ў Брусель няма. Тым самым можна будзе прадэманстраваць, што заходнія дзверы для кіраўніка Беларусі ўжо адкрыты. Нягледзячы на вяртанне беларускіх уладаў да пэўных рэпрэсіўных практык у дачыненні да апанентаў, і нягледзячы на тое, што ў бліжэйшы час не будзе ніякіх змен у выбарчым заканадаўстве, еўрапейска-беларускі дыялог працягваецца. На першае месца Еўропа сёння паставіла пытанне рэгіянальнай бяспекі і прымае беларускі рэжым такім, які ён ёсць. Пытанні дэмакратыі адышлі, на жаль, на другі план.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя