Чаму Беларусі трэба ўзмацніць ахову мяжы з Расеяй?



Праваабаронца і былы памежнік Алег Волчак распавядае, чаму Беларусі трэба ўзмацніць ахову сваіх межаў не толькі з Украінай, але і з Расеяй.

Алег Волчак: Зараз на усходзе Украіны як быццам бы не вядуцца актыўныя ваенныя дзеянні, але ўсім зразумела, якая ў тым рэгіёне вялізная колькасць усялякага крымінальнага элемента, вырашыўшага зарабіць на вайне, і колькі там практычна некантралюемай зброі. Нехта пакідае гэтую зону, каб пазбегнуць пераследу, і, натуральна, нікому невядома, куды чалавек можа падацца. Калі прааналізаваць апошнія паведамленні ў СМІ, беларускія памежнікі ўжо сутыкнуліся з праблемамі на мяжы. Справа даходзіць да прымянення зброі. Але ўзмацняць трэба не толькі ахову мяжы з Украінай, але і з Расеяй, дзе ў нас па сутнасці “дзірка”. Таму з так званых ДНР ці ЛНР баевікі спакойна могуць перабрацца ў Расею, а адтуль у Беларусь ці транзітам паспрабаваць патрапіць у Еўропу. Наш праваабарончы цэнтр зарэгістраваны ў Кіеве, таму са сваіх крыніц маем інфармацыю, што няўлічаная зброя можа з Украіны пайсці на Расею, з якой, паўтаруся, у нас мяжа адкрытая. Я ведаю, што ёсць праграма Еўразвязу па ахове межаў, якая працуе ў асноўным па заходнім і ўкраінскім накірунку. Але, думаю, беларускім уладам варта задумацца, каб разам з еўрапейскімі партнёрамі арганізаваць кантроль і на расейскай мяжы. Як былы памежнік, магу сказаць, што нават не трэба рабіць заставы. Можна проста ўсталяваць апаратуру, каб назіраць, што адбываецца, ды навучыць супрацоўнікаў, як знаходзіць тайнікі са зброяй.

РР: Мяркуеце, што ўсё насамрэч так сур’ёзна?

Алег Волчак: Безумоўна, і ў любым выпадку – перасцярога ніколі і нікому не шкодзіла. Магчыма, я памыляюся, і ўсе гэтыя меры ўжо прыняты, але праблема на самай справе існуе. Калі ў суседняй краіне ваенны канфлікт, то ўскосным чынам гэта аўтаматычна закранае і вас. Хто адсочвае перасоўванні баевікоў, якіх у Расеі лічаць патрыётамі? Куды “паплыве” зброя? Я не кажу, што заўтра і ў Беларусі могуць з’явіцца “зялёныя чалавечкі”, але ж нейкія інфармацыйныя ўкіды пра Магілёўскую ці Віцебскую вобласці, як “исконно русские территории”, ужо з’явіліся? Хто гэтым займаецца? Каму неабходна ствараць непатрэбную напружанасць у грамадстве? Таму бяспека незалежнай краіны сёння павінна быць на першым месцы. Каб заўтра позна не было…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя