Чаму рэжым Беларусі незадаволены выбарамі ў ЗША?



Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч выказаўся пра выбары ў Беларусі і ЗША.

5 студзеня ў ЗША штат Джорджыя запаўняе два апошнія вакантныя месцы ў Сенаце, і калі хаця б хто-небудзь з рэспубліканцаў пераабярэцца, партыя Дональда Трампа атрымае суцяшальны прыз за паразу на прэзідэнцкіх выбарах і захавае кантроль над галоўнай палатай амерыканскага парламента, піша ВВС.

Раней Лукашэнка назваў прэзідэнцкія выбары ў ЗША, падчас якіх перамог Джо Байдэн, “здзекам над дэмакратыяй”.

Станіслаў Багданкевіч: Такія выбары, як у Беларусі, у свеце яшчэ пашукаць трэба, таму, безумоўна, прасцей шукаць саломінку ў чужым воку, чым заўважаць бервяно ў сваім.

Калі амаль 300 тысяч сяброў выбарчых камісій прадстаўляюць аднаго праўладанага кандыдата, адну ідэалогію, а апаненты адсутнічаюць, то пра якія нармальныя выбары можна казаць? Ад гэтых выбараў засталася толькі назва. А ў ЗША ў кожнай камісіі былі і прадстаўнікі і Трампа, і Байдэна.

Таму пра якое параўнанне выбарчага працэсу ў Беларусі і ЗША можна казаць? У Амерыцы ў кожным штаце асобна выбіраецца і губернатар, і галоўны казначэй, і кіраўнікі раёнаў. Там дзясяткі пасад, якія павінны трымаць справаздачу непасрэдна перад выбарцамі. А ў Беларусі толькі прэзідэнт і парламент абіраюцца, але і гэта, як ужо казаў, выбарамі складана назваць. А ўсе астатнія прызначаюцца, ніхто перад людзьмі справаздачу не трымае. Таму, як кажуць, нельга параўнаць непараўнальнае.

РР: Чаму ў такім выпадку беларускі рэжым незадаволены выбарамі ў ЗША?

Станіслаў Багданкевіч: Гэта спроба абараніць сваю таталітарную сістэму кіравання грамадствам. Хочуць паказаць, што фальсіфікацыі падчас выбараў адбываюцца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, у прыватнасці – у ЗША.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя