Чаму беларускія інтэрнет-карыстальнікі трапляюць пад расейскую цэнзуру?
Рух „За свабоду” звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі Беларусі і „Белтэлекам” з просьбай патлумачыць, чаму ў беларускім сегменце інтэрнету, па рашэнню расейскіх дзяржаўных суб’ектаў, абмяжоўваецца доступ да некаторых расейскіх і ўкраінскіх сайтаў.
Па словах намесніка старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, цэнзура ў Расеі робіцца ўсё больш жорсткай і гэта ўжо адчулі карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі.
– Цэнзура і так прысутнічае ў Беларусі, яна ўводзіцца беларускімі ўладамі. Але, калі нашы карыстальнікі яшчэ трапляюць пад расейскую цэнзуру – гэта нічога, акрамя абурэння, выклікаць не можа. Магчыма, гэта тэхнічная праблема. Магчыма, гэта звязана з тым, што доступ да некаторых інтэрнет-рэсурсаў Белтэлекам атрымлівае праз расейскія магутнасці.
У сваім звароце прадстаўнікі Руху „За свабоду” просяць Міністэрства інфармацыі і „Белтэлекам” зняць гэтыя перашкоды, а таксама даць парады інтэрнет-карыстальнікам, што рабіць, калі ў далейшым яны сутыкнуцца з падобнымі выпадкамі, – сказаў Юрась Губарэвіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя