Чаму беларускія ўлады не пераследуюць прарасейскіх баевікоў?



18 красавіка беларускія ўлады пачалі судовы працэс па справе Тараса Аватарава, які ўдзельнічаў ва ўкраінскім канфлікце ў складзе батальёна «Правы сектар». Раней у красавіку парламент ухваліў змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне для асобаў, што змагаюцца ў замежных канфліктах па ідэйных меркаваннях, а не з мэтай зарабіць грошы. Акрамя таго на мінулым тыдні затрымалі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў у шэрагах дабравольчага батальёну Азоў на баку Украіны. Чаму беларускія ўлады не пераследуюць прарасейскіх баевікоў? Такім пытаннем на старонках Беларус дайджэст задаецца Вадзім Смок — каардынатар праектаў Цэнтра Астрагорскага ў Беларусі і навуковы супрацоўнік Інстытута «Палітычная сфера».

У размове з нашым радыё эксперт заўважае, што нельга пакуль гаварыць пра пераслед беларусаў за ўдзел у канфлікце на Данбасе.

— Гэтыя 2 асобы затрыманыя і знаходзяцца пад следствам па крымінальных справах, якія не з′яўляюцца наёмніцтвам. Першы затрыманы за перавоз і захоўванне зброі, другі — за хуліганства, якое мела месца яшчэ да ўкраінскага крызісу. Але варта звярнуць увагу не толькі на гэтых 2 асобаў, але і на тое, што адбываецца з радыкальнымі групамі ўнутры Беларусі ў апошні час: я кажу пра рух футбольных фанатаў, анархістаў і іншых груповак, якія патэнцыйна могуць стаць актыўнымі ўдзельнікамі масавых пратэстаў. Дык вось, па той інфармацыі, якую мы атрымліваем з адкрытых крыніцаў, можна ўбачыць нават, што фактычна прайшла вельмі грунтоўная зачыстка розных груповак радыкальная скіраванасці, якія не кантралююцца ўладамі. Гэта робіцца дзеля таго, каб усялякія патэнцыйныя пагрозы ад іх, у плане ўдзелу ў масавых пратэстах, былі мінімізаваныя. Пакуль што мы не можам у поўнай ступені назіраць і асэнсоўваць, бо папраўкі толькі прынятыя, але думаю, бліжэйшым часам, стане зразумела як улады будуць дзейнічаць у гэтым накірунку.     

РР: Вы звярнулі ўвагу на радыкальныя групоўкі, але яны пераважна прабеларускай скіраванасці. Ці беларускія ўлады звяртаюць увагу на, прыкладам, вайскова-патрыятычныя лагеры беларускага казацтва?

— Прарасейскія групоўкі, якія мы называем казакамі, ці нейкія іншыя праваслаўныя арганізацыі, маюць істотную падтрымку ўнутры Беларусі з боку некалькіх групаў. Па-першае, гэта сілавікі, сярод якіх многія маюць прарасейскія погляды, або самі з′яўляюцца этнічнымі рускімі ці маюць там сяброў і калегаў і шчыльна супрацоўнічаюць з расейскімі структурамі. Па-другое, гэта праваслаўная Царква, з блаславення якой многія гэтыя арганізацыі існуюць і шчыльна з ёй супрацоўнічаюць. Таксама важна разумець, што гэтыя арганізацыі ў сваіх публічных выступах і ўвогуле на публіку пазыцыянуюць сябе як прыхільнікі беларускіх уладаў. Але, калі мы паглядзім на сацыяльныя сеткі, што таксама праскоквала ў медыя-прасторы,дык многія з іх лічаць Беларусь проста часткай рускага свету і фактычна адмаўляюць нейкую дзяржаўнасць і асобнасць беларускай нацыі. То бок, існуе супярэчанне паміж тым, як яны сябе пазыцыянуюць, і іхнымі рэальнымі поглядамі. Тым не менш, гэта вядзе да таго, што беларускія ўлады ставяцца да іх больш-менш лаяльна, яны адкрыта, вядуць сваю дзейнасць, трэнуюць моладзь у вайсковым выхаванні і, мяркую, ідэалагічным безумоўна таксама. Думаю з іх падтрымкай многія і адправіліся ўдзельнічаць у канфлікце на Данбасе.

РР: У артыкуле вы цытуеце выказванні беларускіх баевікоў, якія ваявалі на баку ДНР пра тое, што іх падштурхнула прыняць удзел у гэтым канфлікце. Наколькі, паводле вас, беларускія ўлады ўсведамляюць, што сацыяльныя праблемы могуць быць прычынай нестабільнасці, а ў перспектыве, і падобных народных рэспублік, і ўмяшання замежных дзяржаваў у палітыку ўнутры Беларусі?

— На мой погляд, беларускія ўлады вельмі слаба гэта ўсведамляюць і яны моцна не пераймаюцца такімі пытаннямі. Яны больш займаюцца макра-сацыяльнымі пытаннямі, агульнанацыянальнага маштабу, а не рэгіянальнымі, дробнымі пытаннямі. Ніхто не робіць даследаванняў, не праводзіць апытанняў, хоць тое ўздзеянне расейскай прапаганды, якое адбываецца ў апошнія пару гадоў,было проста неймаверным і спалучанае з нізкім узроўнем жыцця ў рэгіёнах ды адсутнасцю працы гэта сапраўды можа весці да вельмі негатыўных наступстваў, але, на жаль, беларускія ўлады мала звяртаюць увагі на гэта, або яны не маюць ахвоты разумення ці рэсурсаў — тут цяжка сказаць. Але я лічу гэта вельмі істотнай праблемай.

РР: Што беларускія ўлады могуць зрабіць цяпер, каб мінімізаваць пагрозу, якая ідзе ад гэтых баевікоў, прарасейскіх беларусаў, якія ваююць на Данбасе і вяртаюцца? Зразумела, што вырашэнне сацыяльных праблемаў гэта справа не аднаго месяца, ці падобныя справы, як справа Аватарава іншага затрыманага маладога чалавека, у дачыненні да беларусаў, якія ваююць на баку ДНР, маглі б спыніць той паток, які едзе, пераважна з усходняй Беларусі, у Данецк і Луганск?

— Калі ўлады абвяшчаюць, што яны будуць аднолькава судзіць і той і той бакі, дык яны павінны гэта і рабіць. Я вельмі спадзяюся, што яны будуць гэта рабіць. Пакуль ня шмат прайшло часу з прыняцця паправак гэта было б вельмі істотным крокам у гэтым напрамку. Каб сапраўды існаваў баланс паміж абодвума бакамі. Па-другое, улады павінны звярнуць істотную ўвагу на дзеянні прарасейскіх груповак унутры Беларусі. Я лічу ненармальным калі школьная моладзь удзельнічае ў трэніроўках, якія ладзяць людзі з выразна прарасейскімі поглядамі, якія растуць фактычна ў будучыні лаяльнымі да расейскай дзяржавы і рускага свету асобамі.

У пачатку красавіка беларускі парламент ухваліў змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне для асобаў, што змагаюцца ў замежных канфліктах па ідэйных меркаваннях, а не з мэтай зарабіць грошы. Пакуль аніводная справа ў адпаведнасці са зменамі не распачатая.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя