Чаму беларускія ўлады не прызнаюць ДНР і ЛНР?
У так званых самаабвешчаных ДНР і ЛНР прайшлі “выбары”, якія прадказальна прызнала Расея, але не прызналі ЗША і Еўразвяз. Якой будзе рэакцыя беларускай улады па гэтым далікатным пытанні? Пра гэта распавядае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька: Найперш трэба адзначыць, што там прайшлі такія ж “выбары”, як мы з вамі касманаўты. Гэта прапісаны расейскі сцэнар. Натуральна, міжнародная супольнасць у сваёй большасці не прызнае гэтае “волевыяўленне” як легітымны працэс, што фактычна азначае стварэнне яшчэ адной кропкі напружанасці на мапе і не больш таго. Будзе спроба стварыць на постсавецкай прасторы яшчэ адну Асецію, Абхазію ці Прыднястроўе. Толькі сёння сцэнар больш крывавы і балючы.
РР: Але калі казаць пра пазіцыю беларускіх уладаў, ці прызнаюць яны ДНР і ЛНР?
Анатоль Лябедзька: На мой погляд, у бліжэйшай перспектыве афіцыйны Менск будзе дыстанцавацца ад таго, што адбылося ва Украіне, таму што гэта ёсць непасрэдная пагроза і Беларусі, і беларускаму рэжыму. Здаровы сэнс будзе падказваць беларускім уладам не прызнаваць ДНР і ЛНР і далей хадзіць у вопратцы міратворцаў.
РР: Аднак ці не прымусіць Масква пайсці на такое прызнанне?
Анатоль Лябедзька: Ціск будзе, але ж мы бачым, што ў сітуацыі з Абхазіяй і часткай Асеціі Менск вытрымаў яго і знайшоў нейкія аргументы апраўдання, каб не запісвацца ў шэраг экзатычных краін, якія прызналі незалежнасць прарасейскіх тэрыторый. А ДНР і ЛНР не прызнае практычна ніхто, акрамя Расеі.
РР: У адным з інтэрв’ю беларускі кіраўнік заявіў, што Беларусь можа і прызнала б тую ж Абхазію, каб Расея кампенсавала панесеныя пры гэтым страты. Можа Крэмль на гэта раз вырашыць пайсці на кампенсацыю?
Анатоль Лябедзька: Гэта залежыць ад многіх чыннікаў. Калі Масква прапануе беларускім уладам вельмі смачны кавалак, то не выключаю, што будзе спакуса пайсці на прызнанне ДНР і ЛНР. Могуць патлумачыць, што, маўляў, мы робім гэта прагматычна і цынічна, каб атрымаць, напрыклад, фантастычныя крэдыты ці вельмі танныя энерганосьбіты на дзесяць гадоў наперад. Іншае пытанне, ці здольная Расея ва ўмовах крызісу плаціць такі кошт Беларусі, бо зараз Маскве трэба ўтрымліваць яшчэ і Крым, ДНР, ЛНР. Расея зараз не ў тым стане, каб у яе была вольная крэдытная картка, якую можна было б падарыць афіцыйнаму Менску. Да таго ж, калі акцыі Пуціна на палітычнай біржы пойдуць уніз, то беларускай уладзе таксама не мае сэнсу гуляць на адным баку. Лепш наадварот – выкарыстаць гэты момант, каб пашырыць поле для манеўра і павялічыць даўжыню крамлёўскага ланцуга, на якім знаходзіцца Беларусь.
РР: Што яшчэ згубіць краіна, калі прызнае так званыя самаабвешчаныя рэспублікі?
Анатоль Лябедзька: Тут больш мінусаў, чым плюсаў. Калі Беларусь адрэжа сябе ад міжнароднай супольнасці, то спадзявацца на нейкую эканамічную дапамогу ад Захаду ўжо не давядзецца. А зараз, напрыклад, ідуць перамовы з тым жа МВФ пра чарговы крэдыт. Але галоўнае – калі беларускія ўлады падтрымаюць расейскі сцэнар ва Украіне, то праз нейкі час такі ж можа быць рэалізаваны і на тэрыторыі Беларусі. Падпісацца пад прызнаннем ДНР і ЛНР – тое самае, што падпісаць сабе смяротны прысуд.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя