Чаму ўлады Беларусі так любяць спартыўныя і ваенныя парады?
Старшыня Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук выказаў сваё стаўленне да ваеннага парада, які пройдзе ў Менску 3 ліпеня.
Аляксандр Ярашук: Беларусь – гэта своеасаблівая краіна. Не паспелі закончыцца спартовыя гульні, як пачынаюцца ваенныя. Уладам увесь час патрэбны такія цацкі, ім пастанна неабходна паказваць людзям сваю значнасць.
Беларусь зараз – гэта такі аблегчаны варыянт Савецкага Саюза, калі жыццё і яго адлюстраванне знаходзяцца ў зусім розных вымярэннях. Залішне казаць, што ўсе гэтыя Еўрапейскія гульні ды ваенныя парады ніякага дачынення да сэнсу падзей не маюць.
РР: Але ж дата юбілейная – 75-годдзе вызвалення Беларусі…
Аляксандр Ярашук: Вайна – велізарная чалавечая трагедыя, а тое, што зараз людзям падаюць, больш нагадвае фарс. Не трэба сёння нікому дэманстраваць сваю ваенную сілу – самалёты, танкі, новую зброю. Няхай беларускія ўлады павучацца, як у Еўропе адзначылі 75-ю гадавіну высадкі дэсанта ў Нармандыі. Усё прайшло досыць сціпла, бо, калі народу нагадваюць пра трагедыю, то нікому не патрэбна залішняя ўзнёсласць, фанфары і салюты. Лепш ціха памаўчаць.
На вялікі жаль, беларускае кіраўніцтва – безнадзейна савецкае. Яно не мае таго пачуцця меры, якое павінна быць. І адсутнасць гэтага вымярэння, сувязі з рэальнасцю можа прывесці да таго, да чаго ў свой час прыйшла савецкая ўлада. Да калапса.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА