Чаму Фядута нясе адказнасць за палітычны лёс Някляева?



Былы намеснік старшыні кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Фядута распавядае, як ён успрыняў навіну пра сыход Някляева з вялікай палітыкі, і чаму пасля гэтага ўздыхнуў з палёгкай.

Беларускі паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, які быў намеснікам старшыні “Гавары праўду”, сыйшоў з гэтай пасады ў студзені мінулага году.

„Прашу нікога не шукаць якіх-небудзь падтэкстаў: я ўжо год не мог выконваць свае абавязкі ў сувязі з прафесійнай занятасцю, а таксама ўзмоцненай працай па завяршэнні доктарскай дысертацыі. Дый здароўе пакідае жадаць лепшага”, – зазначыў Фядута ў сваім блогу.

Ён дадаў, што застаецца прыхільнікам Някляева і гатовы прыняць пасільны ўдзел у яго прэзідэнцкай кампаніі, калі ён вырашыць балатавацца ў 2015 годзе і пакліча яго.

Зараз Аляксандр Фядута працуе ўласным карэспандэнтма “Народнай Волі” ва Украіне, але Някляеў яго на прэзідэнцкую кампанію ўжо не пакліча. Сыйшоў з палітыкі ўслед за Фядутам.

Аляксандр Фядута: Сыход Някляева – гэта шчыры паступак шчырага чалавека. Ён імкнуўся выканаць тое абяцанне, што даваў, – правесці кангрэс па вылучэнні адзінага кандыдата і забяспечыць адзіным кандыдатам апазіцыйны электарат на прэзідэнцкіх выбарах. І, паколькі зрабіць гэта немагчыма, Уладзімір Някляеў сыйшоў. Я з гэтай нагоды нават уздыхнуў з некаторай палёгкай.

РР: Чаму?

Аляксандр Фядута: Таму што ў пэўнай ступені нясу адказнасць за палітычны лёс Уладзіміра Пракопавіча. Менавіта я ўгаварыў яго пайсці ў палітыку. Сёння спадзяюся, што той новы вопыт, які набыў Някляеў у палітыцы, дасць яму новае дыханне і як пісьменніку. Мы гэта ўжо бачылі на прыкладзе яго якасна новай прозы і паэзіі.

РР: Вы зараз працуеце ў Кіеве. Ці сочыце адтуль, што адбываецца перад выбарамі ў беларускім апазіцыйным асяродку?

Аляксандр Фядута: Скажам так: я, як санітар, які вырваўся з лячэбнай установы і пайшоў на пенсію, сачу за сярэдняй тэмпературай па бальніцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя