Чаму Лукашэнка „пацяплеў” да апазіцыі?
Учарашні выступ афіцыйнага лідара каментуе лідар АГП Анатоль Лябедзька.
Калі падчас папярэдніх публічных выступаў Аляксандр Лукашэнка апазіцыю інакш як “адмарозкамі” не называў, то ўчора, падчас паслання народу і так званаму парламенту, афіцыйны лідар парэкамендаваў чыноўнікам і асабліва дэпутатам Нацыянальнага сходу размаўляць з апазіцыяй.
«Не ўсе ў апазіцыі гадкія, не ўсе хочуць кепскага для краіны. Узгадайце апошнюю заяву аднаго з дзеячаў, не помню з якой арганізацыі, што мы можам ісці ў прэзідэнты толькі ўзважыўшы адказнасць, што пры нас не будзе горш. Гэта самая важная заява апазіцыі за ўсе мае гады. Зразумелі нарэшце, – заявіў ён. – Не адмаўляйцеся ад дыскусіі з апазіцыяй, сябруйце з імі — ніхто не забараняе».
Анатоль Лябедзька: Учора падчас паслання быў такога кшталту другарадны канцэрт – Лукашэнка спрабаваў здзівіць публіку сваімі выказваннямі. За імі не праглядваліся нейкія дзеянні, але неабходна было камусьці паказытаць нервовую сістэму, камусьці паказаць нешта прыемнае, кагосьці напружыць… Увогуле, як мне падаецца, ужо вырадзілася форма, каб выступаць з пасланнем, бо там няма ніякай двухбаковай сувязі ні да паслання, ні пасля. І, натуральна, гэта не чаканне адказаў на стратэгічныя пытанні, якія хвалююць людзей.
РР: Але вернемся да рэверансаў у бок апазіцыі, магчымасці дыялогу ўлады з ёй…
Анатоль Лябедзька: Натуральна, апазіцыя ў нас розная. Частка апазіцыі на самай справе гадамі ходзіць вакол так званых дэпутатаў і нешта ад іх хоча. Дык можа хтосьці і ўспрыняў гэта, як мажлівасць дыялогу. Паглядзім, магчыма, некага і падштурхне да таго, каб піць гарбату з тымі, хто займае чужыя месцы ў Авальнай зале. Аднак, нават калі і будуць нейкія кантакты і камунікацыі, яны абсалютна не маюць ніякіх практычных наступстваў, бо няма парламенту і няма ніводнай палітычнай фракцыі. А гэта азначае, што людзі абсалютна не маюць ні волі, ні жадання, ні паўнамоцтваў нешта рабіць, што супярэчыць таму, што гаворыць той жа самы Лукашэнка.
РР: А можа напярэдадні саміта “Усходняе партнёрства” ўлада вырашыла даслаць сігнал Захаду? Вось, маўляў, мы нават з апазіцыяй гатовы размаўляць.
Анатоль Лябедзька: Каментаваць выступы афіцыйнага лідара вельмі складана, бо ў яго ў адным абзацы будзе пра сяброўства з Еўропай, а ў другім – пра габрэеў ці дзяцей святароў, што папахвае антысемітызмам і неразуменнем сітуацыі. Таму які тут сігнал Захаду? Калі адзін сігнал “у мяне ўсё цудоўна”, а другі – SOS, то хто тут разбярэцца? Тут жа наогул цяжка зразумець што хацеў сказаць чалавек і каму. Складваецца ўражанне, што не патрэбныя беларускай уладзе ні галасы выбаршчыкаў, ні Захад. Адзінае, што неабходна, – гэта грошы, бо іх ніколі ўладзе не хапае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя