Чаму Маскве выгодна нестабільнасць у Беларусі?



Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі распавёў пра тактыку Крамля ў дачыненні да Беларусі.

Віталь Рымашэўскі: Тое, што Масква падтрымала беларускі рэжым, усё даволі чакана. Крэмль будзе яго падтрымліваць, як будзе захоўваць і сітуацыю нестабільнасці ў беларускім рэгіёне. Расея такой падтрымкай пераследуе зусім іншыя мэты.

Нават расейскія тэлеканалы сёння здзекуюцца з Лукашэнкі, і мы бачым, якія былі каментары, калі па прылёце ў Сочы беларускага дзеяча сустракаў губернатар Краснадарскага краю, які набраў 80 адсоткаў на выбарах. Таксама Лукашэнка вымушаны прымаць тых самых расейскіх журналістаў, якія яшчэ нядаўна актыўна яго цкавалі.

Крэмль задаволены, што сітуацыя ў Беларусі нестабільная, быццам бы абраны кіраўнік не мае народнай падтрымкі і трымаецца ва ўладзе толькі дзякуючы сілавікам. А таму працягне яму выкручваць рукі па далейшай інтэграцыі з Расеяй. Па сутнасці пачаўся гандаль беларускай незалежнасцю, і гэта вельмі небяспечна.

І сёння ў пратэстоўцаў павінна быць дзве задачы. Першая – змаганне супраць аўтарытарызма. Другая — за незалежную краіну.

РР: Ці могуць улады Беларусі ў чарговы раз падмануць Маскву, як гэта ўжо было шмат разоў: грошы ўзяць, а ўзамен нешта толькі паабяцаць?

Віаталь Рымашэўскі: Мяркую, так і будзе. Нешта паабяцаюць і будуць зацягваць працэс. Але час ужо не той. І нават калі Лукашэнка не падпіша ніякія дакументы па інтэграцыі, ён будзе трымацца ў сваім крэсле толькі дзякуючы Крамлю, які яго прызнаў.

Гэта справакуе працяг эканамічнай стагнацыі і дэстабілізацыі ў Беларусі. Усім зразумела, што тыя паўмільярда даляраў, што дала Масква беларускаму рэжыму пасля выбараў – віртуальныя грошы, бо іх ніхто не ўбачыць. Яны адразу ж пойдуць на пагашэнне даўгоў Расеі.

Эканоміку выратавала б палітычная стабільнасць і правядзенне эканамічных рэформаў, а гэтага не будзе. А Маскве, паўтаруся, выгодна падтрымліваць гэты рэжым, каб той і надалей заганяў краіну ў даўгі і прорву. Увесь спадзеў толькі на беларускі народ, які змагаецца супраць гэтай сістэмы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя