Чаму на вуліцах няма палітычнай рэкламы?



“Відаць, на размяшчэнне палітычнай рэкламы ёсць адпаведная забарона”, – лічыць кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў.

У іншых краінах падчас прэзідэнцкай кампаніі на вуліцах заўсёды шмат білбордаў, на якіх можна пазнаёміцца з кандыдатамі ў прэзідэнты. Там палітычная рэклама — у грамадскім транспарце, на сценах, на слупах. У Беларусі ўсяго гэтага няма. Чаму?

“Мы хацелі размясціць сваю рэкламу ў метро, зрабіць білборды на вуліцах, але нам адмовілі кампаніі, якія займаюцца гэтым, – распавёў Радыё Рацыя кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў. – У адказ чулі, што альбо “няма месцаў”, альбо “мы не займаемся палітычнай рэкламай, а толькі камерцыйнай”.

Таму ў Беларусі прэзідэнцкая кампанія праходзіць так, як быццам альтэрнатыўныя кандыдаты ў ёй і не ўдзельнічаюць. І асабіста мне відавочна, што, відаць, з гэтай нагоды ёсць адпаведная забарона на вышэйшым узроўні, каб альтэрнатыўных кандыдатаў нават падчас агітацыі людзі не бачылі на білбордах і плакатах.

А кампаніі, якія займаюцца размяшчэннем рэкламы, ведаюць, што могуць за сваю працу таксама патрапіць пад рэпрэсіі. Таму іх нават грошы не завабліваюць”.

Вольга Кавалькова, прадстаўніца штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, дадае, што яны таксама планавалі білборды, але ім не дазволілі.

“Мы звязваліся з рознымі кампаніямі, якія размяшчаюць рэкламу, але нам сказалі, што патрэбна ўзгадненне ў Цэнтрвыбаркаме, – кажа Вольга. – А ў ЦВК паведамілі, што яны не павінны нічога ўзгадняць. Атрымалася замкнёнае кола.

Дарэчы, перашапачаткова быў дазвол на размяшчэнне палітычнай рэкламы Святланы Ціханоўскай у Гомельскай вобласці, нават дамову даслалі. Святлана дамову падпісала, а на наступны дзень высветлілася, што ў іх як быццам у прыярытэце сацыяльная рэклама, а таму з намі яны працаваць не будуць. Тое самае і ў Менску. Такія вось у нас роўныя правы для кандыдатаў”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя