Чаму народ не гатовы да пратэстаў?



Актывіст незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў распавядае, чаму беларусы ў сваё большасці сёння не хочуць пратэстаў.

Нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч запрасіў усіх 10 кастрычніка, у 17:00, прыйсці на апошні перадвыбарчы сход у Менску.

“Страх у людзей паступова сыходзіць, – сказаў ён. – І мы будзем па кроплі выціскаць гэты страх з грамадства.

Але ці гатова грамадства да пратэстаў?

Аляксандр Бухвостаў: Можна толькі вітаць, што Мікалай  Статкевіч, як кажуць, абуджае людзей, але давайце скажам праўду – у сваёй большасці народ не гатовы і не хоча пратэстаў. Людзі жывуць сваімі праблемамі. Няпроста жывуць, але не хочуць рэвалюцый. Безумоўна, на тыя акцыі, якія збірае той жа Мікалай Статкевіч, хтосьці прыходзіць. Ёсць, як кажуць, свядомая інтылігенцыя, прадстаўнікі дэмакратычнага грамадства, але, калі мы кажам ўвогуле пра народ, то тут сітуацыя закансерваваная. Прысутнічае палітычная апатыя. Палітыкі нярэдка не ведаюць нават, якія настроі ў тых рабочых, а трэба было б ведаць.

РР: Адным словам, пратэстныя настроі – на нулі.

Аляксандр Бухвостаў: Калі пратэсты і ёсць, то сацыяльныя. Але гэта не выліваецца ў нешта буйное. Неабходна, каб саспела сітуацыя, каб людзі былі падрыхтаваныя. Таго зараз няма, хоць, паўтаруся, я і вітаю тое, што робіць Статкевіч. Хоць для нейкай часткі грамадства ён сёння – у якасці лідара.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя