Чаму не адбылося Плошчы-2015? (абнаўляецца)



Першасны чыннік адсутнасці масавых акцый пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі ў тым, што  кандыдаты, якія супрацьстаялі Лукашэнку, абралі згодніцкую пазіцыю з беларускім рэжымам. Так мяркуе былы палітвязень, адзін з кіраўнікоў “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч:

– На Плошчу не заклікаем… У перакладзе на звычайную мову гэтая фармулёўка азначае, што яны згаджаюцца з тымі лічбамі, якія ім будуць маляваць. На папярэдніх выбарах, калі вылучаліся кандыдаты ад апазіцыі, заклік на Плошчу аргументаваўся тым, што толькі на Плошчы Лукашэнка лічыць нашыя галасы.

Зміцер Дашкевіч не схільны тлумачыць тое, што фактычна Плошчы-2015 не адбылося, тым, што людзі запалоханыя. “Страх быў і ў 2006, і 2010, але людзі выходзілі, каб выказаць свой пратэст”, – адзначае былы палітвязень.

* * *

Агульная геапалітычная сітуацыя, падзеі ва Украіне, якія напужалі вялікую колькасць людзей, не такі дрэнны, як мог быць, ровень жыцця ў Беларусі – цэлы комплекс чыннікаў, па якіх Плошчы-2015 не адбылося, называе былы палітычны вязень Алесь Кіркевіч. Па яго словах, была абраная меньшая з дзьвюх бед:

– Сярод патэнцыйных пратэстоўцаў існавала меркаванне, што хістаць Лукашэнку зараз – хістаць на карысць Расеі. Масоўку можа арганізаваць апазіцыя, а скарыстаецца ёю Расея, для таго, каб узніклі нейкія правакацыі, а пасля, напрыклад, увесці войскі і т.д. Таму з гэтай простай прычыны, як я думаю, ўсё выглядала так як выглядала.

“Калі не бачна перспектыў, то навошта тады гэтым займацца”, – адзначае Алесь Кіркевіч. Ён быў асуджаны за Плошчу 2010 на чатыры гады зняволення, але выйшаў паводле ўказа Лукашэнкі аб памілаванні ў верасні 2011 года.

* * *

Сёлета на Плошчу ніхто нікога прыходзіць не заклікаў, – кажа былы палітвязень Павел Вінаградаў – удзельнік сумнавядомых падзей  19 снежня 2010 года. Ён адзначае, што людзі не бачылі сэнсу выходзіць на вуліцы, ніякай надзеі ў гэтым годзе змяніць сітуацыю не было, кажа Павел Вінаградаў, тлумачачы чаму ўпершыню за апошнія прэзідэнцкія кампаніі, у якіх фальсіфікаваліся выбары прэзідэнта, у Менску не адбылося масавай акцыі пратэсту:

– Людзі выйшлі не таму, што яны на нешта спадзяваліся. Ім проста сумленне не дазваляла зрабіць па-іншаму. У мінулую кампанію Плошча рыхтавалася. Была сур’ёзная інфармацыйная кампанія, друкаваліся ўлёткі, праходзілі акцыі. У гэтым годзе нічога гэтага не было. Страх быў заўсёды, але нягледзячы на гэта, людзі ўсё роўна выходзілі. А зараз апатыя стала мацнейшай за страх.

11 кастрычніка пасля закрыцця выбарчых участкаў каля 200 дэманстрантаў з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі шэсцем ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Сабраўшыся каля Чырвонага касцёла, пратэстоўцы разгарнулі транспарант «Не дыктатуры!». аАкцыя апазіцыі прайшла без затрыманняў. Нагадаем, у 2010 годзе пратэставаць супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў на плошчу ў Менску выйшла некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

* * *

Былы палітычны вязень, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка не пагаджаецца з меркаваннем, што Плошчы-2015 не адбылася. На яго думку, трэба ўлічыць акцыю, якая прайшла ўчора пасля закрыцця выбарчых участкаў, бо даволі шмат людзей выйшлі прадэмантраваць свой пратэст:

– Не трэба спісваць гэтыя сотні людзей, якія гэта зрабілі. Таму, я лічу, што Плошча ўчора ў Менску была. Галоўнае праблемы – кандыдатаў у прэзідэнты не было. Быў дыктатар Лукашэнка, кандыдатка ад спецслужб і засланыя казачкі. І людзі таму не хацелі выходзіць за гэтых людзей, таму што не звязвалі з імі ніякіх надзей.

Як адзначае Зміцер Бандарэнка, які зараз жыве ў Варшаве, ён адсочваў навіны з Беларусі на сусветных каналах і абедзве акцыі апазіцыйна настроеных грамадзянаў – 10 і 11 кастрычніка ў Менску – былі прадстаўленыя ў большасці сюжэтаў. У той жа час, як немагчыма патрабаваць масавых пратэстаў ад жыхароў Данбасу ці Крыму, так немагчыма патрабаваць гэтага і ад жыхароў Беларусі. Бо сітуацыя з паліцэйскім рэжымам што ў Беларусі, што ў Крыме, на погляд былога палітвязня, вельмі падобныя.

* * *

Былы палітвязень Алесь Міхалевіч звязвае гэта менавіта з масавымі затрыманнямі пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. “Шмат людзей апынулася за кратамі па абвінавачванні ў арганізацыі массавых беспарадкаў”, – узгадвае кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году. На яго думку адсутнасць масавых пратэстаў можна патлумачыць і вонкавым чыннікам:

– Хоць у мінулы раз яны былі брутальна разагнаныя. На гэтых выбарах усе баяліся арганізоўваць штосьці пасля выбараў. І яшчэ момант, які безумоўна адыграў ролю, гэта ўкраінскія падзеі, якія змусілі людзей баяцца расейскіх правакацый. А падобныя пратэсты безумоўна могуць быць выкарыстаныя для таго, каб зрабіць тую ці іншую правакацыю. Таму частка тых людзей, што звычайна арганізоўвала пратэсты, на гэты раз іх не арганізоўвала.

У нядзелю, пасля заканчэння галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, беларусы няхай не вельмі масава, але ўсё ж пратэставалі супраць іх фальсіфікацыі. Акцыя пачалася адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў на Кастрычніцкай плошчы і працягнулася ў выглядзе шэсця па праспекце Незалежнасці. У ёй прынялі ўдзел каля 500 чалавек. Дэманстранты пад нацыянальнымі ды еўрапейскімі сцягамі прайшлі да плошчы Незалежнасці, скандуючы лозунгі „Жыве Беларусь”, „Лукашэнка, сыходзь” і „Байкот”. Для параўнання: на Плошчу-2010 выйшла каля сарака тысяч чалавек.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя