Чаму не транслююцца парламенцкія слуханні?



Грамадскі дзеяч і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі распавядае, чаму няма трасляцый з пасяджэнняў парламенцкіх сесій.

Калі ў 90-я гады дэпутаты Вярхоўнага Савета былі на слыху, а парламенцкія слуханні ішлі на тэлебачанні ў прамым эфіры, то зараз сітуацыя кардынальна змянілася. Прамыя трансляцыі з Палаты прадстаўнікоў калі і бываюць, то толькі з нагоды з’яўлення там беларускага кіраўніка. І нават у навінах на тэлебачанні амаль не ўзгадваецца пра тое, што адбываецца ў парламенце.

Лявон Баршчэўскі: Такая сітуацыя склалася таму, што ў 1996 годзе быў фактычна зроблены пераварот, калі парламент быў адсунуты ад дзейнасці ў кіраванні краінай. Ён сам не можа вырашаць такія пытанні, адсунуты ад рэальнай палітыкі. Я памятаю, калі даводзілася бываць у парламентах розных краін, то мяне ўражвала, што там не толькі ішлі прамыя парламенцкія трансляцыі, але, напрыклад, на наступны дзень у кіёску парламента Канады можна зранку знайсці поўную друкаваную стэнаграму папярэдняга пасяджэння. Іначай і быць не павінна, бо парламент – гэта народныя прадстаўнікі. І народ мае права ведаць кожнае слова, якое сказалі так званыя народныя абраннікі. Гэта сусветная практыка. Тым больш, што зараз значна большыя магчымасці, чым у наш час, у 90-я гады. Зараз можна арганізоўваць Інтэрнэт-трасляцыі, усё нашмат прасцей і танней. Але гэта не робіцца.

РР: Але чаму, на ваш погляд, парламентарыяў загналі ў такое падполле?

Лявон Баршчэўскі: Гэта сведчанне, што ў краіне папросту няма парламента, як паўнапраўнай галіны ўлады. Белтэлерадыёкампанія створана выканаўчай уладай, таму так і адбываецца. Трэба заўважыць, што калі б гэта быў паўнавартасны парламент, то ён бы мог проста не даваць грошы на радыё і тэлебачанне, калі тыя не вельмі добра асвятляюць працу Палаты прадстаўнікоў. Але, на жаль, у нас такі склад парламента, што беларускія дэутаты такое пытанне баяцца нават падымаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя