Чаму ніхто не адгукнуўся на ініцыятыву “Гавары праўду”?



Адзін з лідараў “Гавары праўду” і прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Андрэй Дзмітрыеў распавёў пра тое, што ён прапаноўвае іншым кандыдатам.

Андрэй Дзмітрыеў прапанаваў Віктару Бабарыку, Валерыю Цапкалу, Сяргей Чэрачаню і астатнім кандыдатам накіраваць як мага больш людзей ва ўчастковыя камісіі праз “Гавары праўду”.

Андрэй Дзмітрыеў: Пытанне абароны галасоў выбарцаў патрэбна вырашаць супольна. У гэтым выпадку “Гавары праўду” прапаноўваецца проста як інструмент для такой абароны, таму што мы – зарэгістраваная грамадская арганізацыя, і па законе можам вылучаць прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі.

У той жа час цэлы шэраг кандыдатаў сёння не маюць сваіх структур, а таму мы ім і прапанавалі сумеснае вылучэнне ва ўчастковыя камісіі, а затым і сумеснае назіранне. Я разумею, што дэкларацыі – добра, але гэта толькі словы. А свае людзі ва ўчастковых камісіях – гэта ўжо справа.

РР: Вы лічыце, што нехта наогул патрапіць ва ўчастковыя камісіі ад альтэрнатыўных кандыдатаў? Верыць у такое – самападман…

Андрэй Дзмітрыеў: Я згодзен, што ва ўладаў ёсць вялізны рэсурс для таго, каб адмовіць альтэрнатыўным прадстаўнікам і не ўключыць іх у камісіі, але з іншага боку – у такім выпадку будзе зусім іншае разуменне і ў грамадстве, якім чынам праходзяць выбары.

Калі мы накіруем ва ўчастковыя камісіі не 1-2 прадстаўнікоў, а тысячы людзей, то ўлады на гэта павінны будуць нейкім чынам адрэагаваць.

РР: А кандыдаты на вашу ініцыятыву ўжо адрэагавалі?

Андрэй Дзмітрыеў: Пакуль – ніякім чынам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by