Чаму няма агульнай аналітычнай карціны Беларускай рэвалюцыі 2020 года



Неяк я браў удзел у беларускім культурным мерапрыемстве ў Тбілісі. Сярод іншага быў паказ дакументальнага фільма “Смеласць” Аляксея Палуяна. 

Пасля прагляду выступіла адна з арганізатарак з грузінскага боку. Яна сказала: “Цудоўны фільм. Але з яго я так і не зразумела, што адбылося ў вас у 2020 годзе”.

Фільм “Смеласць” аб’ехаў шмат якія краіны, і я ўпэўнены, што паўсюль там іншаземцы задавалі падобнае, што і ў Тбілісі пытанне “Дык, а што ж у вас адбылося?”

Першымі на падзеі жніўня, і далей восені, адгукнуліся паэты, музыканты і мастакі.

Досыць аператыўна стварыў эсэістыку пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

А вось час мастацкай прозы толькі наперадзе. Бо гісторыя Беларускай рэвалюцыі складаецца з бясконцай колькасці фрагментаў.

Сёння самае прымітыўнае, што даводзіцца чуць, гэта фразы, якія пачынаюцца са словаў “трэба было…”

Трэба было каму? Мы бачылі і многія ўдзельнічалі ў цудзе. 

У стыхіі.

У Беларусі даўно былі разгромленыя палітычныя і грамадскія рухі. 

А штабы кандыдатаў, як мы ўжо ведаем, рыхтаваліся да фармальнага пройгрышу.

Цуд стыхіі – самі, без кіраўнікоў.

Сёння існуе аграмадная колькасць інтэрпрэтацый – колькі беларусаў, столькі і версій.

Што да агульнай карціны ад палітолагаў, тут як з літаратурным раманам – трэба працаваць і працаваць з фрагментамі. 

Вось гісторыя перасоўвання менскіх маршаў. А вось выступы ў Жабінцы ці Жыткавічах, у мястэчках, ад якіх ніхто нічога не чакаў.

А што з міліцэйскім афіцэрам, які 10-га жніўня кінуў свой шалом і дубінку на асфальт, развярнуўся і пайшоў па праспекце Пераможцаў у адваротны бок ад разгону?

Ці дакладна былі ўнутры Беларусі расейскія паліцыянты?

Пасля згаданага мною вышэй паказу фільму “Смеласць” у Тбілісі, было абмеркаванне. 

Я выказаў версію, у якой перакананы і цяпер: без гераічнага супраціву моладзі ў першыя тры дні не было б пасля і першага масавага выхаду беларусаў 16 жніўня.

На мяне фактычна накінуўся нейкі беларус-эмігрант. Бо я парушыў ягонае ўяўленне пра выключна мірныя пратэсты.

Пазней у дыскусіях у інтэрнэце мне некаторыя казалі пра нязначнасць тых гераічных трох начэй, калі будаваліся барыкады і даваўся адпор лукашыстам у пагонах. 

Нават на падобным узроўні няма згоды.

Я мяркую, што 9-12 жніўня мы мусім згадваць тых смелых людзей, якія ўжо ведаючы пра дзікія здзекі над затрыманымі, выходзілі і выходзілі.

9-га жніўня ў чатырох дзясятках гарадоў па ўсім свеце прайшлі акцыі на памяць пра пачатак Беларускай рэвалюцыі.

“Што яны святкуюць?” – спытаўся хтосьці ў Варшаве. 

Мой адказ такі – мы і святкуем, і сумуем адначасова. Галоўнае, што мы памятаем і дэманструем намер у момант “Х” прыцягнуць пачатае. 

А агульная карціна тчэцца.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя