Чаму пачала гучаць ваенная рыторыка?



Палітык Анатоль Лябедзька патлумачыў, чаму ўлады Беларусі так любяць ваенную рыторыку падчас гандлю з Расеяй.

У інтэрв’ю галоўнаму рэдактару «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву кіраўнік Беларусі выказаўся катэгарычна: “Калі будзе парушэнне суверэнітэту Беларусі, будзе вайна”. Афіцыйны Менск і насамрэч рыхтуецца да ваенных дзеянняў?

Анатоль Лябедзька: Я б не здзівіўся, калі б кіраўнік Беларусі рабіў навагоднія віншаванні не ў парадным касцюме, а ў ваенным фрэнчы.

Хаця, па вялікім рахунку, сітуацыя ў краіне і насамрэч складаная. Чаго варта сітуацыя, калі ёсць Саюзная дзяржава, якая складаецца з дзвюх краін, і лідар адной з краін робіць заяву, што трэба абараняцца ад другога саюзніка з дапамогай НАТА. Гэта ўжо – перадваенная рыторыка.

РР: Але ж становішча не перадваеннае…

Анатоль Лябедзька: Наперадзе ў Беларусі – прэзідэнцкая кампанія і незразумела, чаго чакаць з боку Расеі. Таму нагнятанне сітуацыі можа быць часткай стратэгіі ўладаў Беларусі і падрыхтоўкай да прэзідэнцкай кампаніі.

Маўляў, калі ў нас перадваенная сітуацыя, то гэта патрабуе закручвання гаек, і гэта будзе даводзіцца да людзей, як нармальная з’ява. Кшталту таго: калі заўтра магчыма вайна, то якая тут дэмакратыя і правы чалавека?

Але гэта, на мой погляд, прагматычны падыход беларускага кіраўніка. Сітуацыя ў краіне, як ужо казаў, магчыма, і на самой справе складаная, але ўлада праз сваю прапаганду будзе раздзімаць праблему для таго, каб мець большую прастору для манеўра і больш радыкальных дзеянняў унутры краіны. І гэта не нясе нічога добрага шэраговаму грамадзяніну.

РР: Што будзе, на Ваш погляд, з падпісаннем усіх інтэграцыйных мапаў?

Анатоль Лябедзька: Пакуль яшчэ няма поўнай яснасці, але, пакуль не будуць вырашаны пытанні кошту на газ і нафту для Беларусі, беларускі кіраўнік нічога не падпіша. Стратэгія будзе такая – зацягваць працэс на як мага большы тэрмін.

У выніку будзе стагнацыя беларускай эканомікі. Гэта вельмі дрэнна для краіны, якая не мае эканамічных рэформ. Але і не катастрафічна. Краіна не разваліцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя