Чаму палітыкі ідуць да прадпрымальнікаў?



«Само жыццё пераконвае прадпрымальнікаў быць больш актыўнымі», — кажа сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

DSC08814-833x400

У нядаўнім прадпрымальніцкім форуме, які ладзіла «Перспектыва», паўдзельнічаць хацелі адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў, а таксама сустаршыня БХД Павел Севярынец. Аднак ім не дазволілі прысутнічаць у зале, патлумачыўшы, што «не хочуць блытаць эканоміку з палітыкай».

У сацыяльнах сетках пасля гэтага нават разгарэлася дыскусія з нагоды таго, ці патрэбна палітыкам лезці «ў чужы агарод».

Павел Севярынец: Сітуацыя зразумелая — у пэўнай часткі прадпрымальнікаў, з якой працуе «Перспектыва», ёсць боязь таго, што любы намёк на палітычныя патрабаванні і на палітыку, маўляў, разбурыць шанцы на паслабленне для іх. Але маё глыбокае перакананне, што без палітычнай барацьбы і палітычных патрабаванняў не будзе нічога. Прадпрымальнікаў будуць знішчаць, як клас. І таму тут сутыкнуліся дзве канцэпцыі. Сябры Камітэта выратавання прадпрымальнікаў, якія праводзяць мітынгі, збіраюць подпісы і выстаўляюць палітычныя патрабаванні, увасабляюць актыўную лінію на змаганне за свае права. За права проста нармальна жыць і працаваць. А спроба дагадзіць уладзе і бясконца ў яе нешта прасіць, на мой погляд, прыводзіць толькі да таго, што ІП-эшнікаў метадычна выключаюць «з гульні». Мне падаецца, само жыццё пераконвае прадпрымальнікаў быць больш актыўнымі. Раней такія змагары ў прадпрымальніцкім асяродку — гэта былі адзіночкі. Цяпер, гэта ўжо дзясяткі людзей. На мой погляд, пасля таго, як ІП-эшнікам сталі даваць вялікія штрафы альбо канфіскоўваць тавар, большасць прадпрымальнікаў усё ж такі разумеюць, што адступаць ім няма куды і трэба змагацца.

РР: Аднак, некаторыя кажуць так: апазіцыя, маўляў, хоча зарабіць сабе дывідэнды на чужым горы…

Павел Севярынец: Тыя хлопцы, якія цяпер арганізоўваюць акцыі (там палова прадпрымальнікаў, а частка – палітычныя актывісты), акрамя штрафаў, траты асабістага часу і непрыемнасцей ніякіх дывідэндаў не зарабляюць. І ў мяне асабіста мора іншых спраў і працы. Ёсць чым займацца. Але гэта я раблю, таму што рэальна хачу дапамагчы людзям. Хто ўмее лепш – няхай робіць. Але пакуль бачна, што асаблівых вынікаў ад перамоваў з уладамі проста няма. І дзесяткі тысячаў беларусаў пазбаўлены заробку. Таму я за іх і змагаюся.  

РР: Калі прадпрымальнікі вырашылі дыстанцавацца ад палітыкі і вырашыць праблемы іншымі сіламі, то можа не варта іх і шкадаваць? Як кажуць, за што змагаліся – тое і атрымалі…

Павел Севярынец: Маці Тэрэза ў свой час казала: «Людзі будуць няўдзячныя, будуць адказваць злом на дабро, але трэба іх любіць, нягледзячы ні на што».

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя