Чаму партыя БНФ падтрымала кандыдатуру Таццяны Караткевіч?
Партыя БНФ на прэзідэнцкіх выбарах падтрымае кандыдатуру актывісткі грамадскай кампаніі „Гавары праўду” Таццяны Караткеівч. У хуткім часе пачнецца фармаванне той часткі яе ініцыятыўнай групы, якая будзе складацца з сябраў партыі, пачнецца падрыхтоўка да фармавання рэгіянальных штабоў, – сказаў кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у інтэрв’ю карэспандэнту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу.
РР: Рашэнне, можа быць, шмат для каго падаецца дзіўным. Караткевіч мала хто ведае. Якія ў яе якасці як палітыка, грамадскага дзеяча, што дазваляюць ёй удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі? Чаму Партыя БНФ падтрымлівае менавіта кандыдатуру Караткевіч?
Аляксей Янукевіч: Для нас важна, каб падтрымка кандыдата была не толькі ад адной нейкай структуры ці нават ад нейкай уяўнай ініцыятыўнай групы, якая не прадстаўляе і не мае ніякіх структур, для нас важная сумесная праца з шэрагам значных палітычных суб’ектаў, якія валодаюць арганізацыйным патэнцыялам і пэўным рэсурсам. Менавіта з гэтага пункту гледжання, калі мы прымалі рашэнне, мы ў першую чаргу галасавалі не за тое, каб канкрэтна Таццяна Караткевіч і менавіта яна была вылучана. Тут асоба на другім плане. Самым галоўным было адзінства і супольная праца. Што тычыцца самой кандыдатуры Таццяны Караткевіч, яна, можа быць, не так шырока вядома. Але, з іншага боку, на сённяшні момант мы выдатна разумеем, што няма, на вялікі жаль, у апазіцыі ніводнага прадстаўніка, няма ніводнай асобы, якая была бы гатова супрацоўнічаць з апазіцыяй, чый рэйтынг вядомасці, падтрымкі быў бы параўнальны з рэйтынгам Аляксандра Лукашэнкі. Таму на гэты конт мы таксама не маем ніякіх ілюзіяў. Мы разумеем, што падчас гэтай кампаніі давядзецца „раскручваць” як саму асобу Таццяна Караткеівч, так і тую праграму, з якой яна пойдзе. Але калі кандыдат, дакладней, ягоная каманда, здолее сабраць гэтыя подпісы, ён будзе зарэгістраваны, ён будзе рабіць кампанію. Грамадская ўвага, у любым выпадку, на такіх кандыдатах будзе засяроджвацца і іх вядомасць будзе падвышацца.
РР: Вы сказалі, што Караткевіч падтрымліваюць некалькі партый. Хто ў гэтую „кааліцыю” уваходзіць?
Аляксей Янукевіч: Можна казаць, што кандыдатуру Таццяны Караткевіч падтрымлівае кампанія „Народны рэферэндум” і адпаведна, тыя суб’екты. якія ўваходзяць у яе. Так, Рух „За свабоду” прыняў рашэнне фармальна нікога не падтрымліваць і не вылучаць свайго кандыдата. Аднак мы разлічваем, што з боку кіраўніцтва Руху „За свабоду”, натуральна, не будзе ніякіх перашкодаў, а можа быць, будзе і рэкамендацыя для сябраў руху па ўласнай ініцыятыве далучацца да кампаніі Таццяны Караткевіч. То бок на сённяшні момант ёсць рашэнне 3 арганізацый: гэта Партыя БНФ, Беларуская сацыял – дэмакратычная партыя „Грамада”, гэта „Гавары праўду”. І я думаю, што актывісты Руху „За свабоду”, ну, як мінімум, шмат хто з іх будуць працаваць у гэтай кампаніі. І такім чынам, на сённяшні момант можна з упэўненасццю казаць, што менавіта кампанія Таццяны Караткевіч валодае найбольшым арганізацыйным патэнцыялам і менавіта Таццяна Караткевіч, у выпадку рэгістрацыяі яе ініцыятыўнай групы, мае самыя вялікія шансы з усіх дэмакратычных прэтэндэнтаў сабраць неабходную колькасць подпісаў і быць зарэгістраванай як кандыдат.
РР: Партыя БНФ раней падтрымлівала кампанію па вылучэнню палітзняволенага, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалая Статкевіча для ўдзелу ў новай выбарчай кампаніі. Ці не змянілі сваёй пазіцыі?
Аляксей Янукевіч: Мы разглядаем кампанію Міколы Статкевча перадусім як кампанію салідарнасці, кампанію па прыцягненню ўвагі грамадскасці, беларускай і міжнароднай, да таго факта, што ён ад мінулых выбараў знаходзіцца за кратамі. І натуральна, мы разумеем, што ініцыятыўная група па ягоным вылучэнні зарэгістраваная не будзе. Адпаведна, тут нейкай калізіі, нейкага сутыкнення інтарэсаў мы не прадбачым. Таму так, — мы лічым для сябе, для тых сябораў Партыі БНФ, хто прыхільна да гэтай ідэі ставіцца, прымальным і важным увайсці ў ініцыятыўную групу Статкевіча, у яе спісы, якія будуць пададзеныя ў ЦВК. Але натуральна, я думаю, пасля таго, як гэтая група не будзе зарэгістраваная, спадзяюся і ралзічваю, што людзі будуць працаваць на Таццяну Караткевіч. Хаця, канешне, рознае стаўленне ў структурах да такога рашэння. І нам давядзецца правесці яшчэ дастаткова шмат унутраных дыскусіяў, каб пераканаць тых, хто пакуль яшчэ сумняецца, у слушнасці такога рашэння і важнасці такой працы.
РР: Ёсць пазіцыя не ўдзельнічаць увогуле ў гэтых выбарах.
Аляксей Янукевіч: На сённяшні момант няўдзел у палітычных кампаніях, якія адбывюцца, – неважна, гэта прэзідэнцкія, парламенцкія, мясцовыя выбары… Але прэзідэнцкія ў першую чаргу і ў найбольшай ступені цягне за сабой дэмабілізацыю дэмакратычнага актыву, адсутнасць нейкай працы, дэградацыю арганізацыйных структураў, маральную разгубленасць і фактычна, маральную капітуляцыю актывістаў, якія прымаюць такое рашэнне. Таму што пасля таго, як ты адмовіўся ад барацьбы за падтрымку большасці, ўжо вельмі складана вярнуцца ў поле палітычнага змагання за розумы людзей. І застаецца шлях альбо байкоту на канапе, альбо нейкіх адзінкавых акцыяў, якія наканавана будуць падаўлены ўладамі і не пацягнуць за сабой нават мінімальных зменаў. Таму мы выступаем супраць дэмабілізацыі грамадства. Мы за тое, каб імкнуцаа да грамадства дагукацца. Насамрэч для лёсу палітычных вязняў, для перспектываў нейкіх дэмакратычных пераменаў у кріане пасіўнасць, самаўхіленне ад палітычнай прыцы толькі на шкоду.
РР: Рашэнне пра падтрымку Караткевіч, як бы канчатковае і ўжо адмене і абмеркаванню не падлягае. Ці можа стацца так, што праз пару – тройку месяцаў, калі вы ўбачыце, што кандыдатура не набірае той папулярнасці і той пазнавальнасці, на якую разлічвалі, потым можа яго пераглядзець?
Аляксей Янукевіч: С фармальнага пункту гледжання, рашэнне прынятае Соймам і Сойм можа яго пераглядаць. Але ўсё ж такі Партыя БНФ з’ўляецца дастаткова адказнай палітычнай структурай. І такія рашэнні не прымаюцца проста так, без адпаведнай падрыхтоўкі. І на сённяшні момант я не бачу нейкіх варыянтаў, каб у нас узніклі падставы гэтае рашэнне пераглядаць.
РР: А калі, напрыклад, як гэта бывае, Караткевіч здыме сваю кандыдатуру на карысць ці ў падтрымку іншага кандыдата?
Аляксей Янукевіч: Ну, калі такое здарыцца, мы, безумоўна, будзем у адпаведнасці са змяніўшайся сітуацыяй прымаць новае рашэнне.
РР: Пакуль што інтернет-супольнасць з гумарам успрыняла інфармацыю пра вылучэнне Караткеівч.
Аляксей Янукевіч: Калі інтернет- супольнасць нешта абмяркоўвае – гэта ўжо вялікі плюс для такога кандыдата. Інтернет- супольнасць не абмяркоўвае нейкіх яўных фэйкавых кандыдатаў. Інтернет- супольнасць усё ж такі адчувае, хто з’яўляецца сур’ёзным кандыдатам. І такая вялікая ўвага з боку інтернет — супольнасці, тут не так важна розная танальнасць такой увагі, сведчыць як раз пра патэнцыял кампаніі Таццяны Караткевіч.
РР: Перадвыбарчая кампанія, калі новыя кандыдаты будуць вылучацца і далей, стане дастаткова пёстрай і не выключана змаганне дэмакратычных кандыдатаў адзін з адным, немагчымасць дамовіцца — у некаторай ступені паўтарэнне сцэнара 2010 году.
Аляксей Янукевіч: На вялікі жаль, тая колькасць бруду, якая некаторымі апазіцыйнымі, якія лічацца дэмакратычнмі, палітыкамі на сваіх калегаў за аплшнія пару гадоў была выліта – гэта рознага кшталту заявы, публікацыі, яна непараўнальная і блізка з тымі дэбатамі, якія адбываліся паміж дэмакратычнымі кандыдатамі ў 2010 годзе. Узровень палітычнай дыскусіі, у тым ліку ў апазіцыі, нажаль, вельмі моцна здэградаваў. Але я ўсё ж такі не лічу верагодным паўтарэнне сцэнара 2010 года. Я не думаю, што зараз улады будуць рэгістраваць любога, хто падаў дакуманты на рэгістрацыю. Я думаю, што будзе пільная ўвага да подпісаў. І, адпаведна, я думаю, што зарэгістаравацца здолеюць – добра калі адзін кандыдат ад рэальнай апазіцыі. Я не кажу пра спадара Гайдукевіча, пра нейкіх іншых кандыдатаў, якія ў выніку будуць падыгрываць уладным сцэнарам. Таму я перакананы, што пасля рэгістрацыі гэта будзе адзін, у лепшым выпадку, дэмакратычны кандыдат. Паўтару, я сёння не бачу, хто можа сабрать 100 000 подпісаў, апроч тых арганізацый, якія заявілі пра падтрымку Таццяны Караткевіч. Хаця і нават нам гэта будзе вельмі няпроста.
РР: Магчымасць таго, што народ выйдзе на плошчу, разглядаеце? Таму што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне дастаткова складаная і яна можа яшчэ пагоршыцца. І людзі могуць не вытрымаць.
Аляксей Янукевіч: Наш аналіз сітуацыі сведчыць аб тым, што так — незадаволенасць ёсць і яна будзе падвышацца. Але гатоўнасці адкрыта пратэставаць і адкрыта дамагацца нейкіх дастаткова кардынальных зменаў у грамадстве на сённяшні момант няма. Таму, я думаю, што калі і будуць удзельнікі пратэстных акцый, то гэта будуць перадусім прыхільнікі дэмакратычных каштоўнасцяў. І зараз колькасць тых, хто патэнцыйна лічыць важным, патрэбным, неабходным для сябе ўдзельнічаць у такіх пратэстных акцыях менавіта напярэдадні ці ўзвязку з прэзідэнцкімі выбарамі – вельмі малая. Таму, я лічу, што гэта не той сцэнар, пра які сёння важна гаварыць. Пра што гаварыць важна – гэта як пазбегнуць магчымых правакацый. Таму што вельмі верагодна, што нейкая колькасць людзей, хай гэта будзе 1 -2 -3 тысячы чалавек, усё-роўна выйдзе пратэставаць. І важна, як мы разам можам працаваць дзеля таго, каб не дапусціць правакацыяў, якія могуць пацягнуць за сабой і дыскрэдытацыю апазіцыі, і новую хвалю рэпрэсій супраць апазіцыі, і новую хвалю ізаляцыі ці самаізаляцыі Захаду ад беларускага пытання, што развяжа яшчэ больш рукі Крамлю ў вырашэнні нейкіх сваіх палітычных задачаў і інтарэсаў тут, у Беларусі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя