Чаму партыя “Зялёныя” падтрымала кандыдата-дармаеда?
Старшыня Беларускай партыі “Зялёныя” Алег Новікаў распавядае, чаму іх арганізацыя выступіла ў падтрымку кандыдатуры Юрыя Шульгана на прэзідэнцкія выбары-2015.
Як вядома, Беларуская партыя “Зялёныя” вырашыла падтрымаць кандыдатуру “дармаеда ў дэкрэце”, як ён сам сябе называе, Юрыя Шульгана.
“Юрый Шульган вось ужо як 15 гадоў нідзе афіцыйна не працуе, – паведаміла прэс-служба партыі. – Прыняты нядаўна дэкрэт пра дармаедаў стымуляваў яго як свядомага грамадзяніна да актыўных пошукаў сферы працоўнай дзейнасці, таму на выбары ён ідзе з адзінай мэтай – працаўладкавацца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Алег Новікаў: Зараз распрацоўваецца канцэпцыя правядзення прэзідэнцкай кампаніі, у хуткім часе Юрый Шульган сустрэнецца з журналістамі. Работа, можна сказаць, пачынаецца.
РР: Чаму вы вырашылі падтрымаць кандыдата-дармаеда?
Алег Новікаў: Таму што пытанне “дармаедаў” у краіне вельмі актуальнае. Чаму б не засяродзіць увагу на праблеме на прыкладзе канкрэтнага чалавека, які, да таго ж, імкнецца стаць прэзідэнтам? Юрый Шульган – гэта жывая ахвяра закона аб дармаедах.
РР: Не пераўтворыцца ваша кампанія ў цырк?
Алег Новікаў: Па-першае, канцэпцыя правядзення кампаніі, як я казаў, яшчэ распрацоўваецца, таму сёння рана пра штосьці казаць. Думаю, з’явіцца шмат аспектаў, ад якіх будзе залежыць фарміраванне меркаванняў па кампаніі. І зноў-такі – не трэба забываць, што Шульган будзе ісці ў пуле з іншымі кандыдатамі. Ужо некаторыя палітолагі кажуць, што ўся кампанія можа стаць цыркам. Акрамя таго, хачу сказаць, што наша партыя не будзе ўдзельнічаць у кампаніі. Мы проста падтрымліваем кандыдатуру Юрыя Шульгана, каб завастрыць увагу на тэме дармаедаў у краіне. Для моладзі праблема зараз актуальная, а мы – моладзевая партыя. Нам цікава агучыць праблему для моладзі нестандартным шляхам. Але, паўтаруся, партыя ў выбарах удзел не прымае. Шульган – незалежны кандыдат.
РР: Як партыя і Шульган знайшлі адзін аднаго?
Алег Новікаў: Юрый – з дэмакратычнага асяродку, быў адным з лідараў моладзевага руху ў Берасцейскай вобласці, прымаў удзел у незалежных тэатрах… Яму 38 гадоў. Чалавек малады, амбіцыйны, чаму б і не паспрабаваць свае сілы ў прэзідэнцкай кампаніі? Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН