Чаму постсавецкія краіны крытыкуюць АБСЕ?



“Крытыка АБСЕ ідзе ў асноўным з боку тых постсавецкіх краін, дзе парушаюцца правы чалавека”, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

original

„Украінскі канфлікт паказаў, што АБСЕ знаходзіцца ў сур’ёзным крызісе”, – заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы ў Менску з дзейным старшынёй АБСЕ кіраўніком МЗС Сербіі Івіцам Дачычам.

«Згадзіцеся, што роля не толькі АБСЕ, але і іншых міжнародных арганізацый настолькі прыніжаная, што далей ужо няма куды», — цытуе Аляксандра Лукашэнку яго прэс-служба.

На думку кіраўніка дзяржавы, рэфармаванне ААН, АБСЕ і іншых арганізацый «ужо не проста наспела, а пераспела». «У адваротным выпадку гэтыя арганізацыі акажуцца проста маргінальнымі структурамі, якія ні на што не будуць уплываць», — сказаў ён.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч толькі вярнуўся з канферэнцыі АБСЕ, якая праходзіла ў Вене. Што ён думае з гэтай нагоды?

Валянцін Стэфановіч: На канферэнцыі АБСЕ прысутнічала і расейская дэлегацыя на чале са старшынём ЦВК Расеі Чуравым. Яны таксама даволі шмат крытыкавалі Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ, казалі, што тыя не мусяць выстаўляць адзнакі выбарам, а павінны спрыяць іх дэмакратычнаму правядзенню. Мы не першы раз чуем, калі пастсавецкія краіны крытыкуюць БДІПЧ, якое кіруе не толькі выбарамі, але і займаецца пытаннямі свабоды мірных сходаў, асацыяцый, абароны праваабаронцаў. Цікава, што крытытка ідзе менавіта з боку тых краін, дзе больш за ўсё і ёсць праблемы з правамі чалавека і са свабоднымі выбарамі.

РР: Магчыма, у Вене вам удалося абмеркаваць некаторыя пытанні ў прыватнай гутарцы і са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, якую таксама запрасілі на канферэнцыю АБСЕ?

Валянцін Стэфановіч: Неяк не прадставілася нагода для гутаркі, але сваімі меркаваннямі мы абмяняліся праз свае выступы. Спадарыня Ярмошына казала пра імплементацыю рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія датычыліся выбараў. Праўда, імплементацыя адбылася ўжо досыць даўно – каля 5 гадоў таму. Гэта і квота ў камісіях ад палітычных партый і арганізацый, і магчымасці абскарджвання неўключэнне ў камісіі ў судовым парадку… Падчас гэтых выбараў ёсць змены ў галасаванні для людзей з кепскім зрокам. Я ў сваю чаргу сказаў, што гэта ўсё было імплементавана, але мы бачым, як яно працуе на практыцы. Плюралізму ў камісіях змены не дадалі, а апазіцыйныя партыі па-ранейшаму не трапляюць у камісіі. У любым выпадку асноўнымі арганізатарамі выступаюць пяць буйных праўрадавых структур. Нагадаў таксама, што мы настойваем на імплементацыі рэкамендацый, якія датычацца падліку галасоў. Вось гэтае галоўнае пытанне чамусьці ніхто не збіраецца вырашаць, хоць сярод рэкамендацый ёсць і такая, каб падлік галасоў быў дэталізаваны.

РР: Што гэта значыць?

Валянцін Стэфановіч: Усе крокі па падліку галасоў павінны быць прапісаны ў занадаўстве. Плюс, каб падлік ажыццяўляўся адным сябрам камісіі і з агучаннем зместу. Такая працэдура дазваляла б суаднесці тое, што было падчас падліку, з тым, што напісана ў пратаколе.

РР: На гэта ўлада, хутчэй за ўсё, не пойдзе?

Валянцін Стэфановіч: Рэкамендацыі, якія датычацца падліку галасоў, не першы раз робяцца. Не так даўно, дарэчы, нашы калегі звярнуліся пісьмова ў ЦВК і папрасілі, каб зрабілі такую працэдуру падліку галасоў, пра якую я сказаў вышэй. Каб завяралі копіі пратаколаў, якія назіральнікі самі будуць вырабляць. І трэцяе – каб была ў ЦВК даступнай інфармацыя пра вынікі галасавання па ўсёй краіне і па кожнаму канкрэтнаму ўчастку. Усё гэта не патрабуе ніякіх зменаў у заканадаўстве, дастаткова пастановы ЦВК. Зараз будзем чакаць з Цэнтрвыбаркама, але, мяркую, ніхто не пойдзе на такія змены.

Кастусь Заблоцкі, Беларусмкае Радыё Рацыя