Чаму пры Лукашэнку расце карупцыя?
З пачатку года на Гарадзеншчыне адзначаецца істотнае павелічэнне карупцыйных злачынстваў, якія здзяйсняюцца чынавенствам, супрацоўнікамі мытні і праваахоўных органаў, а таксама кіраўнікамі розных узроўняў. На працягу апошніх месяцаў узбуджана некалькі крымінальных справаў за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў дачыненні да дырэктара аднаго з філіялаў абласнога спажывецкага таварыства, дырэктара Іўеўскага лясгаса і шэрагу іншых кіраўнікоў прадпрыемстваў Прынёмання.
На думку старшыні юрыдычнай камісіі праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінскі камітэт” Гары Паганяйла, вялікая колькасць карупцыйных злачынстваў – вынік безальтэрнатыўнага кіравання краінай адным чалавекам:
– Сам жа Лукашэнка стварае тыя правілы гульні, пры якіх яму вельмі зручна пад сцягам карупцыі трымаць усё сваё чынавенства ў жорсткіх руках і дзейнічаць па правілах: каго хачу – памілую, каго хачу – пакараю. Мабыць ні ў адной постсавецкай рэспубліцы няма такога заканадаўства, пры якім прэзідэнт можа вызваліць карупцыянера, раскрадальніка ад крымінальнай адказнасці, хоць таго злавілі і выкрылі.
Адным з самых гучных карупцыйных скандалаў на Гарадзеншчыне стала справа мытнікаў з памежнага пераходу “Каменны Лог” у Ашмянскім раёне. У пачатку красавіка бягучага года была агучана інфармацыя, паводле якой 19 супрацоўнікаў мытні былі арыштаваныя, а сума канфіскаваных наяўных склала 2 мільёны 200 тысяч даляраў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота РИА «Новости»