Чаму Расея ізноў патрабуе ўвядзення адзінай валюты?



Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што на сёняшні дзень стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра Беларусі і Расеі немагчыма.

Прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўся магчымая далейшая дадатковая падтрымка будзе аказвацца Беларусі толькі тады, калі ўсе дарожныя карты па інтэграцыі будуць выкананы, паведамляе ТАСС.

Паводле яго слоў, не ўзгоднена 31-я дарожная карта, прысвечаная далейшай інтэграцыі, якая ўключае стварэнне наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтра.

Станіслаў Багданкевіч: Тое, што тэма адзінай валюты ізноў загучала, азначае, што ціск Крамля на афіцыйны Менск узмацняецца, бо наднацыянальныя органы і адзіны эмісійны цэнтр – гэта павінен быць апошні крок у інтэграцыі. А ў Маскве, як бачым, так спяшаюцца, што скачуць праз галаву. Таму ідзе самы сапраўдны ціск.

Зараз мы расплочваемся за Саюзную дамову, якую ў свой час падпісаў Лукашэнка, а Масква якраз і вырашыла выкарыстаць гэты юрыдычны момант для ціска на Беларусь. І калі беларуская ўлада прызнае свае памылкі, то патрэбна набрацца мужнасці, каб адмовіцца ад удзелу у такім сумніўным праекце, як Саюзная дзяржава. Усё гэта можа вельмі дрэнна скончыцца. Калі ўжо так хочацца ажыцяўляць інтэграцыйныя эканамічныя працэсы, то гэта можна рабіць і ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза.

РР: Калі ўявіць тэарэтычна, то ці могуць беларускія ўлады пайсці на ўвядзенне адзінай валюты?

Станіслаў Багданкевіч: Мне падаецца, што на сёняшні дзень стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра Беларусі і Расеі немагчыма. Гэта будзе відавочная і адназначная здача суверэнітэта. Беларуская ўлада ў гэтым не зацікаўлена, таму працэс будуць зацягваць да апошняга.

Магчыма, зараз створаць нейкія камісіі па стварэнні адзінага эмісійнага цэнтра і, такім чынам, паспрабуюць зацягнуць працэс яшчэ на 5-10 гадоў, але, як бачым, Масква ад свайго наўрад ці адступіцца.

Паўтаруся, трэба сёння вырашаць, ці патрэбна нам і далей зацягваць пятлю на шыі альбо варта пашукаць альтэрнатыўныя варыянты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя