Чаму расстрэлы на Майдане застаюцца беспакаранымі?
Ва Украіне дагэтуль не пакараныя злачынцы, вінаватыя ў масавых расстрэлах людзей на Майдане падчас трагічных падзеяў зімы 2013-2014 гадоў. Ва Упраўленні спецыяльных расследванняў Генеральнай пракуратуры Украіны тлумачаць гэта нястачай кадраў, рэсурсаў, грошай а таксама іншымі спецыфічнымі прычынамі.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Дакладная колькасць людзей, якія загінулі падчас Рэвалюцыі Годнасці, невядомая дагэтуль. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Украіны, з 30 лістапада 2013 года па 14 красавіка 2014 года ва ўсёй Украіне загінула 106 чалавек. “Арганізацыя валанцёраў-медыкаў”, якая праводзіць незалежнае расследванне, называе лічбу ў 780 чалавек. У адным толькі Доме прафсаюзаў было каля 200 параненых, якія не маглі самастойна рухацца і згарэлі там жыўцом падчас падпалу, арганізаванага СБУ. Яшчэ 48 чалавек знікла без вестак.
Расследванне падзеяў на Майдане тармазіцца не толькі тым, што большасць дакументаў, звязаных з масавымі расстрэламі, была знішчана ранейшым кіраўніцтвам СБУ, міліцыі і пракуратуры. Значная частка фігурантаў тых падзеяў дагэтуль працуе ў праваахоўных органах, і іх падначаленыя проста баяцца сведчыць супраць іх.
Яўгенія Закрэўская, адвакат “Нябеснай сотні”, мяркуе, што спярша трэба рэфармаваць структуру, частка якой займаецца расследаваннем злачынстваў, якія здзейсніла іншая яе частка.
Адной з першых ахвяраў трагічных падзеяў на Майдане стаў беларус Міхаіл Жызнеўскі. Але імя яго забойцы дагэтуль невядомае.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота antikor.com.ua