Чаму спроба апазіцыі аб’яднацца ізноў правалілася?
Палітолаг Валерый Карбалевіч патлумачыў, чаму падчас выбараў адзінага кандыдата ад апазіцыі прадстаўнікі дэмакратычнага лагера ізноў перасварыліся.
Нагадаем, што спачатку да праймерыз не дапусцілі экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў і былога сябра АГП Ганну Канапацкую.
16 сакавіка з праймерыз выйшаў таксама Павел Севярынец, які заявіў пра неабходнасць спынення паездак па рэгіёнах з-за каронавіруса, а таксама пра масавае галасаванне праўладных прадстаўнікоў.
На наступны дзень абвясціў пра свой выхад з праймерыз і Аляксей Янукевіч.
“Калі прадстаўнікі некаторых арганізацыяў у Радзе Народнага галасавання не лічаць заганным ужыванне мясцовай вертыкаллю адміністратыўнага рэсурса дзеля забеспячэння галасавання на карысць аднаго з кандыдатаў – гэта сапраўды праблема і падстава лічыць праймерыз нелегітымным працэсам, – напісаў Янукевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.- У той жа час мне надзвычай агідна бачыць, як Юрый Губарэвіч паблажліва выдурваецца ўсе мінулыя дні, заяўляе ўсім, што ён перамог у Драгічыне, Пінску ды Століне выключна за кошт таго, што ўдала папрацаваў у сацыяльных сетках ды здолеў прыцягнуць новых, незаангажаваных людзей з больш шырокага колу, чым апазіцыйнае гета”.
Валерый Карбалевіч: У кааліцыйных справах падчас “аб’яднання-раз’яднання” вельмі важную ролю гуляе суб’ектыўны чыннік. Пры вялікай адказнасці палітыкаў можна дасягнуць адзінства. Калі такой адказнасці няма, то атрымлімваецца тое, што мы бачым зараз.
РР: Што далей будзе з праймерызам?
Валерый Карбалевіч: Цяжка нешта прагназваць. Калі людзі, якія пакінулі праймерыз, настроены рашуча і не захочуць вяртацца ў кааліцыю, то нічога добрага не варта чакаць. Будзе разлад, і ў выніку апазіцыя акажацца перад прэзідэнцкімі выбарамі ў стане нявызначанасці. І тады кандыдата ад апазіцыі будзе вызначаць улада.
Але я не выключаю сітуацыю, што кандыдаты змогуць паміж сабой памірыцца і працягваць працэс. Усё ж пачыналася даволі прыгожа, калі не лічыць выключэнне з праймерыз Ганны Канапацкай. Апошнія паездкі наогул паказалі, што колькасць людзей, якія прыходзяць на сустрэчы з кандыдатамі, расце. Але ў выніку атрымалася тое, што сёння маем.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя