Чаму Сяргея Скрабца выключылі з АГП?
Палітык і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец лічыць, што яго выключэнне з партыі было невыпадковым.
Нагадаем, што Сяргей Скрабец быў адным з тых, хто вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пасля гэтага стала вядома, што яго выключылі з АГП, бо Скрабец, маўляў, яшчэ з’яўляецца кіраўніком незарэгістраванай сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”.
Сяргей Скрабец: Здаецца, мяне ўжо выключылі і з партыі, і са спіса кандыдатаў на пасаду старшыні АГП, але, шчыра кажучы, не вельмі і засмучаны. Крыўдна іншае. Кіраўніком незарэгістраванай партыі я лічуся ўжо каля 12 гадоў. Калі на мінулых мясцовых выбарах мне патрэбна была рэгістрацыя, я ўступіў ў АГП, каб мець магчымасць удзелу ў выбарчай кампаніі. І ніякіх пытанняў тады не ўзнікала. Натуральна, вялікай партыйнай дзейнасцю ў АГП я не займаўся, але чамусьці толькі зараз там «адкапалі» факт майго кіравання незарэгістраванай структурай. А затым і выключылі з партыі.
РР: Раней пра гэты факт з вашага партыйнага жыцця не ведалі?
Сяргей Скрабец: Ведалі, але казыр, відаць, прыхавалі да пэўнага часу. Каб не балатаваўся па пасаду старшыні АГП, то і з партыі, магчыма, ніхто б не выключаў. А так памочнік Ганны Канапацкай, якая таксама прэтэндуе на пасаду старшыні АГП, вырашыў мяне прыбраць з выбарчай дарогі.
РР: На ваш погляд, Канапацкая будзе новым старшынёй АГП?
Сяргей Скрабец: Анатоль Лябедзька адмовіўся пераабірацца, а значыцца пераможа Канапацкая. У яе руках — фінансы і падтрымка ва ўладзе. Яна ж не проста так патрапіла ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Увогуле, АГП была апошняй партыяй, якая з’яўлялася рэальнай апазіцыйнай сілай да ўлады. Партыя БНФ ужо даўно ў гэтай барацьбе не ўдзельнічае, але і Канапацкая не збіраецца гэтым займацца. Мы ўжо бачым яе пазіцыю ў парламенце. Таму ўлады, як бачым, дзейнічаюць у накірунку АГП па сваім распрацаваным плане.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя