Чаму тэлебачанне ўжо зрабіла Віктара Бабарыку вінаватым?
Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак распавёў, ці працуе ў Беларусі прэзумпцыя невінаватасці.
На беларускіх прапагандысцкіх каналах ужо не першы дзень паказваюць “серыял” пра “антызаконную” дзейнасць “Белгазпрамбанка” і яе былога старшыні Віктара Бабарыкі, які вырашыў сёлета балатавацца ў прэзідэнты. Чаму тэлебачанне яшчэ да суда ўжо практычна зрабіла чалавека вінаватым?
Алег Волчак: Гэта, безумоўна, парушэнне правоў і законных інтарэсаў Віктара Бабарыкі і сябраў яго каманды, якія таксама знаходзяцца пад арыштам. На іх зараз па многіх фактах узводзяць паклёп, пры гэтым па сутнасці абвінавачваюць яшчэ да таго, як вырак вынес суд.
Людзей ужо абвінавачваюць у цяжкіх злачынствах, хаця віна іх не даказана. І ў той жа час гэтыя прапагандысцкія матэрыялы нельга абвергнуць, бо з адвакатаў Віктара Бабарыкі ўзялі падпіску аб неразгалошванні справы. Атрымліваецца такая гульня ў адны вароты. Адным гаварыць забаронена, затое з іншым дадзены паўнамоцтвы казаць усё што заўгодна.
Зрэшты, для іх законы не пісаныя. Успомнім справу “Белага легіёна”, калі дзясяткі людзей кінулі за краты, а па тэлевізары іх называлі ледзь не тэрарыстамі. І што затым атрымалася? Поўны нуль!
РР: Ці дзейнічае на грамадства такая прапаганда?
Алег Волчак: Малаэфектыўна. Прайшлі ўжо тыя часы, калі ўсе навіны людзі даведваліся толькі з тэлевізара. У век лічбавай інфармацыі такія фільмы – гэта грошы на вецер. Зараз людзі ў момант “раскусваюць” такія фэйкаваыя абвінавачванні ды яшчэ і сваіх блізкіх прасвятляюць, якія прызвычаіліся давяраць тэлевізару.
Таму ўсе гэтыя фільмы яны больш для самаапраўдання рыхтуюць, не больш за тое. Тым больш, як выказваюцца фінансавыя эксперты, фільм падрыхтаваны са шматлікімі памылкамі і недакладнасцямі. Відаць, рабілі ўсё на хуткую руку.
Зрэшты, усім відавочна, з чым гэта звязана – з вылучэннем Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкую пасаду. І ачарненне банкіра будзе працягвацца аж да 9 жніўня, калі адбудуцца выбары.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя