Чаму Цэнтрвыбаркам хвалюе пасіўнасць апазіцыі? (абноўлена)



Прадстаўнікі дзеючай улады актыўна працуюць над падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў, чаго не скажаш пра апазіцыю. Такое меркаванне выказаў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

„Што датычыцца апазіцыйных арганізацый і партый, то, магчыма, яны нешта і робяць, але інфармацыя пра гэта да нас не даходзіць”, – заявіў спадар Мікалай Лазавік.

Пры гэтым дадаў, што яму вядома, што ў апазіцыі вялікія разнагалоссі па кадыдатуры адзінага: „Гэта сведчыць пра раз’яднанасць апазіцыйных сілаў. Нам хацелася б, каб і прадстаўнікі апазіцыі больш актыўна далучаліся да падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў”.

„Лепш бы Лазавік больш уважліва прыглядзеўся да працы ўласнага ведамства. Таксама не пашкодзіць яму сустрэцца з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, якім неаднаразова ўносіліся прапановы па зменах у выбарчы кодэкс”, – кажа намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч у адказ на крытыку сакратара Цэнтрвыбаркама ў бок апазіцыйных сілаў:

– Лазавік блытае боб з гарохам, бо задача ўладаў – гэта праца з людзьмі. Калі яны на дваццатым годзе кіравання Лукашэнкі апамяталіся і паглядзелі, што ў людзей ёсць праблемы і цяпер у перадвыбарчы год кінуліся, таму гэта сведчыць пра якасць іх працы. Лепш бы Лазавік правёў інструктаж кіраўнікам выбарчых камісій, якія рэгулярна фальсіфікуюць выбары і загадаў не рабіць гэта. Тады б нешта ў Беларусі памянялася, а так натуральна ў апазіцыі і грамадства аднолькавае стаўленне да тых выбараў, якія праводзіць ведамства Лазавіка – выбары фальсіфікуюцца.

„Словы Мікалая Лазавіка – гэта правакацыя, заснаваная на хлусні”, – так скаментаваў старшыня партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін заяву сакратара цэнтрвыбаркама Беларусі пра негатовасць апазіцыйных структур да прэзідэнкіх выбараў 2015 года.

Як адзначае Калякін, эканамічнае становішча ў краіне яскрава паказвае, наколькі эфектыўна працуе ўлада:

 – Лазавік сцвярджае, што ўлады сёння актыўна заняліся падрыхтоўкай да выбараў, вырашаюць праблемы людзей. Гэтым самым ён хацеў паказаць, што ўлада займаецца, а апазіцыя – не. Дык вось улада як раз не займаецца паляпшэннем дабрабыту людзей – заробкі і пенсіі стаяць на месцы, усё больш людзей застаецца без працы. Тут правакцаыя, ён ведае, што ёсць пазіцыя арганізацый і палітычных партый, што трэба зрабіць для таго, каб выбары ў Рэспубліцы Беларусь, былі сапраўды выбарамі. 

Як адзначыў Сяргей Калякін, магчымасць яго ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата таксама абмяркоўваецца, таксама як і іншыя варыянты правядзення выбараў апазіцыяй, калі ўлады зноў пойдуць на фальсіфікацыі.

Прадстаўнікі дзейнай улады дастаткова актыўна працуюць над падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў.

Пра гэта заявіў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік. Па яго словах, такія грамадскія арганізацыі, як „Белая Русь” і „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, „дастаткова актыўна займаюцца падрыхтоўкай да выбараў, працуюць са сваім актывам, праводзяць інструкцыйныя нарады, чаго не скажаш пра апазіцыю”, – адзначае Мікалай Лазавік:

Канкрэтных дзеянняў у гэтым накірунку вельмі мала. Мы ведаем, што ліберальна-дэмакратычная партыя намераная вылучыць свайго лідара Гайдукевіча Сяргея Васільевіча. А астатнія пакуль “мечуцца”, размяркоўваюць, спрабуюць разабрацца са сваёй пазіцыяй – спрабуюць вызначыць адзінага кандыдата, але важкіх, салідных прапановаў пакуль не паступала.

Палітолаг Валер Карбалевіч, у сваю чаргу, адзначае, што актыўнасць беларускай апазіцыі – увогуле не справа Мікалая Лазавіка:

– Функцыя сакратара Выбарчай камісіі палягае зусім не ў тым, каб прыспешваць нейкіх палітычных суб’ектаў да актывізацыі палітычнай дзейнасці, яго функцыі – выбарчы працэс. Ён залязае не на сваю дзялянку. Але, па-праўдзе кажучы, і Лукашэнка не аб’явіў, што ідзе на выбары. Такі самы папрок можна зрабіць і Лукашэнку: “Не рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў”. 

Актывіст кампаніі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка ў сваю чаргу кажа пра раз’яднанасць беларускай апазіцыі напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Віктар Карняенка: Мне самому не падабаецца тая мітусня, якая зараз назіраецца ў шэрагах агульнай апазіцыі. На мой погляд, перадусім ёсць толькі адно рэальнае рашэнне па вылучэнні прэтэндэнтам Анатоля Лябедзькі – гэта рашэнне Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А ў астатнім хто ў лес, хто па дровы – то Някляева прапаноўваюць, то Статкевіча, то нейкую жанчыну… Адчуваецца відавочная разгубленасць дэмакратычных сілаў. Апазіцыя разумее, што выбараў няма, а таму і дзейнічае хаатычна. Але мы, напрыклад, усё роўна рыхтуемся да кампаніі “За справядлівыя выбары”. Наша задача ў тым, каб як мага больш людзей даведаліся пра сутнасць беларускай выбарчай сістэмы. Каб гэта не стала дзяжурным мерапрыемствам апазіцыі, калі сябры партыі прыйдуць і адзначаць чарговыя недахопы. Трэба, каб тыя, хто яшчэ верыць у выбары, прыйшлі і пабачылі, што на самой справе адбываецца на выбарчых участках. У нас у мінулай кампаніі ўдзельнічалі новыя людзі, і яны былі шакаваны тым, як, напрыклад, паводзяць сябе камісіі падчас падліку галасоў. Ніхто не верыў у гэта, пакуль асабіста не пераканаўся. Вось тут мы бачым магчымасці для будучыні Беларусі… Усё астатняе гульні апазіцыі. Ёй трэба вылучыць падрыхтаванага, канкурэнтаздольнага і псіхалагічна гатовага для змагання за прэзідэнцкую пасаду чалавека. А такога я не бачу.

РР: Чаму Цэнтрвыбаркам сёння хвалюе пасіўнасць апазіцыі?

Віктар Карняенка: Я не думаю, што кагосьці гэта моцна хвалюе. У рэшце рэшт, дзяжурныя кандыдаты заўсёды знойдуцца. Хутчэй за ўсё, з вуснаў сакратара Цэнтрвыбаркама прагучала простая крытыка апазіцыі. І не больш за тое.

У якасці найбольш верагоднай даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў раней называлася 15 лістапада.

Кастусь Заблоцкі/Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя