Чаму ў Беларусі не адмаўляюцца ад камуністычнага мінулага?
Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў, чаму ўлады Рэспублікі Беларусь не жадаюць адрывацца ад савецкага мінулага.
Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў Закон аб дэкамунізацыі, які пачаў дзейнічаць яшчэ ў маі 2015 года, суадносным Канстытуцыі краіны.
У рашэнні суда сказана, што па сваёй злачыннай сутнасці камуністычны і нацысцкі рэжымы былі аднолькавымі.
Станіслаў Шушкевіч: Беларускія кіраўнікі нават не выходзілі з гэтага камуністычнага мінулага і будуць трымацца за яго да апошняга. Наша ўлада кіруецца палажэннямі камуністычнага рэжыму. У краіне калгаснае кіраванне, неадпаведнасць шматлікіх прававых нормаў Канстытуцыі, а ў выніку – беззаконне. Таму не варта нават параўноўваць Беларусь з Украінай, якая імкнецца ісці дэмакратычным шляхам.
РР: А навошта беларускім уладам трымацца не самага лепшага мінулага?
Станіслаў Шушкевіч: А інакш як патлумачыць 25 год існавання гэтага рэжыму? Як растлумачыць той факт, што сёння ніхто з разумных людзей не прызнае беларускія выбары, якія праводзяцца так, што чалавек не ўпэўнены, што яго голас падлічаны? У Савецкім Саюзе казалі так: «Хопіць і аднаго кандыдата». У Беларусі кандыдатаў шмат, але пераможа той, хто і павінен перамагчы, на якога працавала ўся сістэма.
РР: Але некаторыя людзі з настальгіяй успамінаюць пра савецкія часы…
Станіслаў Шушкевіч: Можна намаляваць карціну так, як вы хочаце. Я, напрыклад, днямі пачытаў успаміны пра генерала Уласава. У яго аказалася столькі станоўчых рысаў і перамог, што нельга было не пахваліць чалавека. Але ж пры гэтым мне вядома, што Уласаў быў здраднікам.
А людзі сёння больш настальгуюць не па камуністычным мінулым, а па часах свайго дзяцінства ці юнацтва. Гэта такая настальгія па тым, што ўжо не вернеш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя