Чаму ў Беларусі з карупцыяй змагаюцца метадам “двайных стандартаў”?



8-1“Таму што для беларускай улады ёсць “чужыя” карупцыянеры і “свае”, – мяркуе старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак.

Былы старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Жылін не патрапіць за краты, бо кампенсаваў нанесены дзяржаве ўрон.

«Калі чалавек кампенсаваў гэтыя затраты, не самы ж страшны карупцыянер, – заявіў днямі Лукашэнка. – Ён нанёс вялікі ўрон дзяржаве — гэта дрэнна. Кампенсаваў — не трэба яго хапаць і цягнуць за краты… Урон быў аблічаны, памножаны на тры. Заплаціў – “до свидания».

Атрымліваецца, што аднаго чалавека могуць пасадзіць у турму за хабар цукеркамі, а другі адкупіцца, накраўшы мільёны даляраў, як было ў выпадку з былой кіраўніцай Упраўлення справамі прэзідэнта Жураўковай? Дзе ж прынцыповасць змагароў з карупцыяй?

Алег Гулак: Пра прынцыповасць тут наогул гаворка не ідзе, бо ў Беларусі ў прэзідэнта ёсць выключнае права вызваляць ад крымінальнай адказнасці без суда. І вось тыя ўроны, што нанеслі чыноўнікі дзяржаве, памнажаюць на тры, на два ці на пяць, але гэта ж ніяк не ўрэгулявана заканадаўствам. Таму ўсё гэта нагадвае нейкія сямейныя разборкі, а не працу з карупцыяй на дзяржаўным узроўні. Няма празрыстасці і зразумеласці працэсаў, якія адбываюцца вакол гэтай балючай тэмы.

РР: Праваабаронцу Алесю Бяляцкаму замест “хіміі” далі чатыры з паловай гады пазбаўлення волі, хоць яго сябры сабралі і вярнулі ўсю суму, якую, на думку суда, Бяляцкі не заплаціў дзяржаве… Чаму тут не спрацаваў прынцып “заплаціў – да пабачэння”?

Алег Гулак: Таму што да апанентаў улады асаблівае стаўленне. Ніякія прынцыпы і логіка тут не да месца.

РР: Ці можа “справа Жыліна” стаць прыкладам для іншых жадаючых “пагрэць рукі” на дзяржаве? Маўляў, красці трэба столькі, каб расплаціўся і яшчэ засталося…

Алег Гулак: Найперш трэба адзначыць, што такіх спраў у нас было ўжо дастаткова. Жылін, Жураўкова, Шыгалаў… Гэтая справа не першая і, на мой погляд, не апошняя. Многія вышэйшыя чыноўнікі не праходзяць праз адкрытыя працэдуры судовага пераследу, а ўсё гэта вырашаецца кулуарна “наверсе”. Таму відавочна, што тут пытанне не толькі пагашэння сумы, але і асабістай адданасці ўладзе. Хоць у іншых краінах таксама ёсць практыка, калі чалавек кампенсуе нейкія страты і вызваляецца ад пераследу. Але ж, паўтаруся, усё гэта трэба рабіць па прапісаных праз суд працэдурах, якія зразумелы для грамадства.

РР: Такое своеасаблівае змаганне з карупцыяй па-беларуску…

Алег Гулак: Так, вельмі спецыфічнае. Складваецца ўражанне, што ўлада падзяліла карупцыянераў на “чужых” і “сваіх”. Такія паралелі самі напрошваюцца, улічваючы вопыт апошніх гучных спраў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gk-press.if.ua