Чаму ў Беларусі змяняюцца прарасейскія настроі?
Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі прааналізаваў апошнія настроі ў беларускім грамадстве.
Па дадзеных сацыялагічнага даследавання, якое правяла Беларускі аналітычная майстэрня, з пачатку 2018 года да снежня 2019-га колькасць прыхільнікаў саюзу з Расеяй паменшылася з 64% да 40%.
Дзяніс Садоўскі: Чаму зараз больш антырасейскіх настрояў? Адзін з крытэраў – гэта тое, што дзяржаўныя беларускія СМІ ў апошні час крыху змянілі рыторыку. Калі раней ішло захапленне стасункамі з усходнім суседам, то зараз, услед за беларускім кіраўніком, акцэнты некалькі іншыя.
Захапленне было, пакуль Масква, можна сказаць, фінансавала беларускую ўладу праз танныя нафту і газ, а ўзамен асабліва нічога не патрабавала. Але гэта было да пэўнага часу. Тады, дарэчы, і Захад, і Амерыка ва ўяўленні беларускай улады і беларускай прапаганды былі ворагамі нашай краіны. Пад такім соусам і беларусам усё падавалася.
Але, як толькі запатрабавала расплаціцца, за энерганосьбіты, сябрам ужо стаў Захад, а не Расея, якая “спрабуе паставіць ракам”. І прапаганда пачала ўжо працаваць у іншым накірунку. Як бачым, гэта дзейнічае на пэўную катэгорыя людзей.
РР: Ці растуць у грамадстве пры гэтым праеўрапейскія настроі?
Дзяніс Садоўскі: Безумоўна. Гэта звязана і з ростам незалежніцкіх настрояў. І вось гэтыя два фактары гуляюць асноўную ролі ў зніжэнні попыту сярод беларусаў на інтэграцыю з Расеяй.
Іншая справа, што грамадская думку, як бачым, даволі хутка змяняецца, таму ў любы момант можа змяніцца. Мяркую, ад таго, як будуць апошнім часам складвацца стасункі з Расеяй, будуць залежыць і змены і ў настроях грамадства.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя