Чаму ўлада баіцца 25 Сакавіка?
Грамадскі актывіст і доктар Іван Шэга (1953-2016) са Слоніма рана пакінуў гэты свет. Яго ўжо няма з намі чатыры з паловай года. Слонімцы і палітычная грамадскасць Беларусі добра ведалі Івана Іванавіча, людзі паважалі яго, любілі, верылі гэтаму прыгожаму, таленавітаму і шчыраму чалавеку.
Іван Шэга не часта выступаў у друку, але артыкулы па медыцыне і палітычным жыцці зрэдчасу траплялі ў друк. У 2015 годзе Іван Шэга напісаў артыкул “Чаму ўлада баіцца 25 Сакавіка?”. Ён актуальны і сёння. Іван Шэга тады пісаў:
Беларусь – краіна вялікіх і маленькіх фобій. Да звычайных страхаў, уласцівых усім людзям – не захварэць ракам, не страціць блізкіх, не застацца аднаму ў старасці – далучаюцца ўласцівыя беларусам: „абы не было вайны”, боязь не дагадзіць начальству, „як бы чаго не выйшла”, боязь страціць працу. Аднак нельга сказаць, што баяцца толькі звычайныя грамадзяне, баяцца і начальнікі. Зрэшты, гэта катэгорыя, галоўным чынам, баіцца, як бы не патрапіць у турму, але пры ўсім тым крадзе і бярэ хабары, як відаць з паведамленняў у прэсе. Значыць, не так ужо моцна і баяцца, калі ёсць асабістая зацікаўленасць?
Такім чынам, як бачым, сярэднестатыстычны беларус пры пэўных абставінах можа пераадольваць свой страх. Сёння, калі разрэкламаваныя стабільнасць і росквіт у нашай краіне неяк плаўна зыходзяць, рэальна з’явілася пагроза значнага зніжэння ўзроўня жыцця грамадзян Беларусі, што, у сваю чаргу, можа прывесці да непрадказальных наступстваў. У такіх умовах нядрэнна б мець грамадзянам нейкую агульную ідэю, якая аб’ядноўвае. Не такую ўбогую, як у Расеі сёння, — захоп сілай зброі новых тэрыторый, але годную і якая можа дапамагчы краіне перажыць гэты цяжкі час.
Такой ідэяй магла б стаць нацыянальная ідэя, для ажыццяўлення якой грамадзяне краіны, напрыклад, добраахвотна, а не па прымусе куплялі б беларускія тавары і лекі, як гэта было ў свой час у Турцыі. Здаровы нацыяналізм безумоўна дапамог бы вылечыцца ад празмернай боязі і адчування сябе беларусамі – людзьмі другога гатунку перад расейцамі.
25 сакавіка. Гэта дата для патрыётаў-беларусаў мае адмысловае значэнне. Зараз ужо ў такім далёкім 1918 годзе ўпершыню прадстаўнічым сходам дэлегатаў з усяго „Паўночна-Заходняга краю” было заяўлена пра намер аднавіць сваю незалежнаю дзяржаву з новай назвай Беларусь. Сённяшняя незалежнасць краіны родам менавіта адтуль, як бы каму не жадалася падправіць гісторыю.
Мяне заўсёды здзіўляла тая акалічнасць, як беларускія ўлады ставяцца да гэтай даты. Замест таго, каб якім-небудзь чынам адзначаць гэты дзень, яны робяць выгляд, што такой даты ў гісторыі наогул не існуе. Больш таго, складаецца ўражанне, што яны яе панічна баяцца. Напрыклад, магу засведчыць, што ў гэты дзень кожны год я знаходжуся пад вонкавым назіраннем людзей у штацкім, якія на аўтамабілі суправаджаюць мяне ва ўсіх маіх рухах, як быццам я нейкі тэрарыст. Усе спробы правесці масавае мерапрыемства, нават пікет, у Слоніме і ў суседніх раёнах не дазваляюцца. Аднойчы мы праводзілі аматарскі турнір па міні-футболе якраз 25 сакавіка, дык нашы спецслужбы паўдня ўсё здымалі на камеру тое, што адбывалася, і прысутнічалі аж да заканчэння спаборніцтваў. Вось такая “пашана”.
А тым часам, гэтую гістарычную падзею ўлада цалкам магла б выкарыстаць у мэтах кансалідацыі беларускага грамадства. З’явілася б аб’ядноўваючая ўсіх грамадзян Беларусі, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці і палітычных пераваг, цэласная ідэалогія незалежнасці і беларускай дзяржаўнасці, заснаваная на гістарычнай праўдзе. І, на аснове такой ідэалогіі, грамадзянін Беларусі дакладна змог бы пераадолець свае фобіі. А можа нашы кіраўнікі гэтага і баяцца больш за ўсё? Таму і робяць вялікія намаганні, каб з памяці людской выдаліць успамін аб такой „небяспечнай „падзеі, што адбылася сто гадоў таму.
Беларускае Радыё Рацыя