Чаму ўлады баяцца альтэрнатыўнага падліку галасоў?



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавядае пра тое, чаму Генпракуратура абавязалі даць прававую ацэнку альтэрнатыўнаму падліку галасоў у дзень выбараў.

Кіраўнік Беларусі даручыў Генеральнай пракуратуры і судам даць ацэнку законнасці ініцыятыве альтэрнатыўнага падліку галасоў.

Алег Гулак: Пракуратура можа зрабіць і, хутчэй за ўсё, зробіць заключэнне, што любыя альтэрнатыўныя падлікі галасоў – незаконныя.

Акрамя таго, мы бачым, што і рыторыка асобных чыноўнікаў змяняецца. Напрыклад, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына спачатку казала, што фатаграфаваць свой бюлетэнь выбаршчыку не забаронена, але ў асноўны дзень галасавання да 20.00 нельга нідзе паказваць. А зараз ужо гучаць словы, што фатаграфаванне не прадугледжана, назвала злачынным стварэнне платформы для электроннага падліку галасоў.

І тут галоўныя словы – “не прадугледжана”. У нас змянілася прававая парадыгма, і “не прадугледжана” можа быць заменена на “нельга”. Паступова наша сістэма трансфармавалася са “што не забаронена, тое дазволена”, на “што не прадугледжана, тое забаронена”.

Зараз мы бачым апафеоз такога падыходу. Мабыць, пракуратура гэта афіцыйна пацвердзіць. Да гэтага часу яны маўчалі, але пабачым, як будуць выкручвацца з сітуацыі.

РР: А чаму ўлады так баяцца альтэрнатыўнага падліку галасоў, які, па сутнасці, ніякай юрыдычнай сілы не мае?

Алег Гулак: Альтэрнатыўны падлік – гэта ўплыў на грамадскую думку, і менавіта гэтага ўлады баяцца. І мы ізноў вяртаемся да той крывой логікі, якую бачым апошнія часы. Скажам, калі ўлада лічыць, што іх кандыдат вельмі моцны, дык вы наадварот падвышайце давер да выбарчых працэдур і вынікаў выбараў. Дайце магчымасць працаваць назіральнікам, зрабіце празрысты падлік галасоў і дазвольце экзіт-полы, як гэта робяць у іншых краінах. Павінна быць выбарчая культура, каб усё было прыстойна і празрыста, і каб вас затым прызналі ва ўсім свеце. Але, як бачым, уладам такая культура абсалютна непатрэбна.

РР: Альтэрнатыўна падлік галасоў будзе праводзіцца ў межах ініцыятывы “Голас”. Ці могуць заблакаваць гэтую платформу?

Алег Гулак: Калі гэта тэхнічна магчыма, то, безумоўна, заблакуюць. І за меншыя пагрозы ішлі блакіроўкі пэўных рэсурсаў, таму можна чакаць самага горшага варыянта развіцця падзей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя