Чаму ўлады пайшлі на саступкі?
Палітык Мікалай Статкевіч распавядае, чаму ўлады дазволілі правесці канцэрт, прысвечаны 100-годдзю БНР.
Мікалай Статкевіч: Не толькі ў Менску, але і ў некаторых іншых гарадах улады даюць дазволы на канцэрты ў гонар гэтага свята. І мы павінны разумеюць, дзеля чаго гэта адбываецца. Першы і асноўны матыў – гэта знешнія і ўнутраныя пагрозы. Улада хоча заслужыць пахвалу Захаду на фоне мінулагодняга разгону людзей, і, магчыма, атрымаць ад гэтага яшчэ нейкія грошы. Другі матыў звязаны з унутраным станам грамадства. Улада больш за 20 гадоў праводзіла палітыку русіфікацыі, ганення на ўсё нацыянальнае. Але зараз такая палітыка з’яўляецца загубчай, таму яны шукаюць новую ідэалогію, бо сваёй няма. Тыя ідэалагічныя праекты, якія яны меліся, проста накрыліся медным тазікам, а цяпер вырашылі прыйсці да нармальнага нацыянальна-гістарычнага праекта.
РР: І гэта станоўчы момант…
Мікалай Статкевіч: Безумоўна. Няхай улада, хаця і марудна, але рухаецца ў гэтым кірунку. Але, дазваляючы канцэрты на Дзень Волі, улады хочуць ліквідаваць і ўнутраную пагрозу. Яна спрабуе дыскрыдытаваць палітычна-патрыятычную апазіцыю. Калі ўсе цалкам прымуць умовы ўлады святкаваць 100-годдзе БНР у загоне, то апазіцыя стане ўспрымацца, як канцэртная, а пратэстнай проста не застанецца.
Мне падаецца, што беларуская патрыятычная апазіцыя павінна прымаць станоўчыя рухі ўлады ў бок нацыянальнага, але пры гэтым не губляць сваёй пратэстнасці і не ісці ў абслугу да тых, хто імкліва губляе сваю папулярнасць. Мы 20 год змагаліся за свае ідэі, а зараз чамусьці вырашылі прылегчы ля бота і згубіць усялякія шанцы прыйсці на замену гэтай уладзе. Гэта самазагубчая пазіцыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя